Літоўскі юрыст Мантас Данелюс, якога абвінавацілі ў шпіянажы на карысьць Беларусі, заявіў, што супрацоўнічаў не з спэцслужбамі Беларусі, а з прапагандысткай Ксеніяй Лебедзевай, якую ён назваў «багіняй журналістыкі».
Як паведаміла выданьне delfi.lt, абвінавачаны ў шпіянажы перадаў рэдакцыі тэкст свайго заключнага слова на судовым пасяджэньні, што адбылося 6 жніўня.
20 верасьня суд павінен вынесьці вырак. Абвінавачаньне просіць асудзіць яго на 11 гадоў пазбаўленьня волі. Судовы разгляд справы адбываўся за зачыненымі дзьвярыма. Данелюса абвінавачваюць ня толькі ў шпіянажы, а і ў спробах уплываць на сьведкаў — калі яго вызвалілі з-пад арышту да суду, ён напісаў аднаму зь іх, што «вострыць сякеру».
Паводле абвінавачаньня, Данелюс з пачатку 2022 году зьбіраў інфармацыю для беларускіх спэцслужбаў, у асноўным — пра актывістаў, якія жывуць у Літве, і перадаваў зьвесткі прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай, зь якой яны пазнаёміліся ў Паланзе.
Абвінавачаньне сьцьвярджае, што Лебедзева інструктавала Данелюса, яе найбольш цікавілі беларускія арганізацыі ў Літве, людзі, якія ўцякалі зь Беларусі ад перасьледу і якія дапамагалі ім уцякаць, шляхі іх эвакуацыі, вучэньні добраахвотнікаў полку Каліноўскага, іхнае ўзбраеньне і ланцугі паставак. Данелюс змог увайсьці ў давер да беларускіх арганізацыяў і прапаноўваў ім юрыдычную дапамогу, але далей ягоныя пытаньні выклікалі падазрэньні.
«Яны [беларускія апазыцыянэры] загразьлі ў звадах, інтрыгах, злосна адмаўляюцца вывучаць літоўскую і прапагандуюць ідэалёгію літвінізму, беларускія апазыцыянэры былі неймаверна адзіныя [...], калі трэба было „выкрыць“ маё сяброўства зь Лебедзевай — багіняй журналістыкі і тэлевізійнай дакументалістыкі, якая не аднойчы бліснула крытыкай на адрас апазыцыі ў сваіх перадачах», — сказаў Данелюс у судзе.
Данелюс заявіў, што ня лічыць добраахвотны збор інфармацыі шпіянажам. Ён сьцьвярджае, што не выконваў задачаў беларускіх спэцслужбаў, бо супрацоўнічаў ня зь імі, а зь Лебедзевай. Паводле яго, сьледзтва не мае доказаў супрацы Лебедзевай з спэцслужбамі.
Абвінавачаны літовец патрабаваў апраўдаць яго і зьвярнуў увагу пракурора на ілжывыя паказаньні некаторых сьведкаў. У заключнай прамове Данелюс таксама заявіў, што не пагражаў сьведку, а выказаў незадавальненьне пазыцыяй беларускіх актывістаў.
Данелюс таксама пераслаў журналістам частку абвінаваўчага акту з сваёй перапіскай з адным зь сьведкаў, якому ён пераслаў некалькі дакумэнтаў і паведаміў, што «вострыць сякеру».
Форум