Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Rzeczpospolita: Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня


Анджэй Пачобут, архіўнае фота
Анджэй Пачобут, архіўнае фота

Польская газэта піша, што на такое рашэньне Пачобута нібыта паўплывала размова з Анжалікай Борыс.

Асуджаны рэжымам Лукашэнкі журналіст і актывіст Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анджэй Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызваленьня, паведамляе выданьне Rzeczpospolita.

Такую інфармацыю выданьню дала кіраўніца СПБ Анжаліка Борыс, якая сустракалася з палітвязьнем у красавіку сёлета.

«На маю просьбу ён пагадзіўся пакінуць краіну. Анджэй выглядаў вельмі дрэнна. У мяне сэрца сьціснулася», — сказала Борыс.

Борыс вырашыла раскрыць падрабязнасьці размовы з Пачобутам «у сувязі з дыскусіяй, якая працягваецца ў Польшчы <…> і спэкуляцыямі палітыкаў аб тым, што зьняволены журналіст і актывіст польскай меншасьці не хацеў пакідаць Беларусь». Новыя падрабязнасьці справы напярэдадні публікацыі ў сваім твітэры анансаваў журналіст Rzeczpospolita Руслан Шошын.

Міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк у публікацыі Rzeczpospolita зьняпраўдзіў сьцьверджаньне Юрыя Васкрасенскага, які супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі, пра тое, што Варшава адмовілася ад вызваленьня журналіста ў рамках «жэсту добрай волі» Лукашэнкі. Адпаведную заяву Васкрасенскі зрабіў 9 жніўня ў этэры тэлеканалу «Беларусь 1».

Паводле слоў Семоняка, «Лукашэнка нічога падобнага не прапаноўваў».

«Мы месяцамі ўсяляк настойваем на вызваленьні Пачобута. Ніколі беларускі бок не прапаноўваў гэтага ні ў якой форме, ні наўпрост, ні ў рамках буйных міжнародных і двухбаковых абменаў», — заявіў міністар.

Пра сустрэчу Борыс з Пачобутам паведаміла 15 красавіка прэс-служба прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды. Яна адбылася ў наваполацкай калёніі № 1, падрабязнасьцяў, аднак, не паведамлялі.

9 жніўня ў этэры TVN24 кіраўніца канцылярыі прэзыдэнта Польшчы Малгажата Папроцка заявіла, што Пачобут «ня хоча пакідаць Беларусь без магчымасьці туды вярнуцца». Папроцка запэўніла, што «ёсьць адпаведныя каналы для кантакту з Пачобутам», гэтае пытаньне ўвесь час стаіць на парадку дня прэзыдэнта Польшчы. Яна выказала надзею, што «гэтая справа неўзабаве будзе мець добры фінал».

4 жніўня намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Анджэй Шэйна расказаў Polsat News, што вызваленьне Пачобута і іншых палітвязьняў абмяркоўваецца «наўпрост зь Беларусьсю».

17 ліпеня Семоняк заявіў, што «калі Беларусь вызваліць Анджэя Пачобута, пачне супрацоўнічаць з Польшчай у пытаньні забойцы сяржанта Матэвуша Сітэка і перастане спрыяць ціску на мяжы, то, несумненна, зьявяцца сыгналы, якія дазволяць больш прагматычна выбудоўваць стасункі з польскага боку».

Днём пазней аналягічныя ўмовы агучыў МЗС Польшчы.

8 лютага 2023 году Горадзенскі абласны суд асудзіў Анджэя Пачобута на 8 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Судзьдзя Дзьмітры Бубенчык прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 130 і ч. 3 арт. 361 Крымінальнага кодэксу Беларусі (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), скіраваных на спрычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы). Праваабаронцы прызналі Пачобута палітвязьнем. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён адмовіўся пісаць прашэньне аб памілаваньні.

Пасьля выраку Пачобуту Польшча на нявызначаны тэрмін закрыла адзін з двух пунктаў пропуску, якія яшчэ дзейнічалі, — Баброўнікі (зь беларускага боку Бераставіца).

Абмен зьняволенымі паміж Расеяй і Захадам адбыўся 1 жніўня. Польшча выдала агента ГРУ Паўла Рубцова, пры гэтым не атрымала нікога з сваіх грамадзян.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG