Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW), аналізуючы відэазапісы з Курскай вобласьці Расеі, мяркуюць, што ўкраінскія войскі маглі прасунуцца на 35 кілямэтраў углыб расейскай тэрыторыі.
«Відэазапісы з геалякацыяй і заявы Расеі сьведчаць, што 8 жніўня ўкраінскія войскі працягвалі хутка прасоўвацца далей у Курскую вобласьць. Яны прысутнічаюць у раёнах за 35 кілямэтраў ад дзяржаўнай мяжы з Сумскай вобласьцю Ўкраіны», — адзначаецца ў справаздачы ISW за 8 жніўня.
У той жа час экспэрты мяркуюць, што ўкраінскія войскі не кантралююць усю гэтую тэрыторыю.
«Крэмль амаль напэўна паспрабуе вярнуць расейскую тэрыторыю ў Курскай вобласьці, якую захапілі ўкраінскія войскі, і спыніць украінскую актыўнасьць далей у Расеі, бо значныя дасягненьні Ўкраіны ў Расеі будуць стратэгічным ударам па шматгадовых намаганьнях расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна замацаваць спадчыну стабільнасьці й бясьпекі і геапалітычнае адраджэньне Расеі», — адзначылі ў ISW.
У той жа час экспэрты зьвяртаюць увагу, што брак узгодненага расейскага адказу на ўкраінскае ўварваньне ў Курскую вобласьць і хуткасьць прасоўваньня падразьдзелаў Украіны сьведчыць аб дасягненьні імі «апэратыўнай нечаканасьці ўздоўж мяжы з Расеяй».
«І расейскія, і ўкраінскія сілы змагаліся за апэратыўную раптоўнасьць апошнія паўтара года баёў [...]. Здольнасьць Украіны дасягfць апэратыўнай нечаканасьці падкрэсьлівае, што шырокая візуальная і сэнсарная празрыстасьць, якую ўсталявалі абодва бакі, не ператвараецца ў цалкам празрыстае поле бою, і што бакі вайны ва Ўкраіне могуць выкарыстоўваць нявызначанасьць апэратыўных намераў для дасягненьня апэратыўнай нечаканасьці», — мяркуюць у ISW.
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны мяркуюць, што расейскія войскі не змаглі зрабіць высноваў зь цяжкасьці мэханізаваных манэўраў на празрыстым, як меркавалася, полі бою ва Ўкраіне. «Аднак, падобна, Украіна вучыцца і прыстасоўваецца да гэтага аспэкту поля бою, як вынікае зь яе здольнасьці дасягнуць відавочнай апэратыўнай нечаканасьці ў гэтым выпадку», — адзначаецца ў справаздачы.
Украінскія афіцыйныя асобы пакуль не камэнтуюць сытуацыі. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 жніўня заявіў, што Расея «прынесла вайну ва Ўкраіну» і павінна «адчуць, што яна зрабіла».
Амэрыканскія афіцыйныя асобы адзначылі, што апэрацыя Ўкраіны, якая працягваецца ў Курскай вобласьці, не парушае абмежаваньняў ЗША на нанясеньне ўдараў Украіны па вайсковых аб’ектах у памежных раёнах Расеі.
Што папярэднічала
6 жніўня кіраўнік Курскай вобласьці Расеі Аляксей Сьмірноў і Міністэрства абароны Расеі заявілі аб спробе прарыву ўкраінскіх войскаў на тэрыторыю Суджанскага і Коранеўскага раёнаў.
Увечары таго ж дня ўкраінскія Telegram-каналы апублікавалі відэазапісы з расейскімі вайскоўцамі, якіх нібыта захапілі ў палон у часе рэйду ў Курскую вобласьць.
7 жніўня ў Курскай вобласьці ўвялі рэжым надзвычайнай сытуацыі «для ліквідацыі наступстваў заходу на тэрыторыю рэгіёну варожых сілаў». Увечары таго ж дня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін склікаў нараду з удзелам сакратара Савету бясьпекі Сяргея Шайгу, міністра абароны Андрэя Белавусава, кіраўніка Генэральнага штабу Валерыя Герасімава і кіраўніка ФСБ Аляксандра Бортнікава.
Уладзімір Пуцін назваў падзеі ў Курскай вобласьці «чарговай маштабнай правакацыяй».
Украінскія афіцыйныя асобы не камэнтуюць сытуацыю.
Форум