Пра гэта заявіў у эксклюзіўным камэнтары інфармацыйнаму агенцтву «Позірк» дырэктар і галоўны рэдактар тэлекампаніі TVP World Міхал Бранятоўскі, меркаваны дырэктар Цэнтру замежных праграмаў (ЦЗП), які будзе аб’ядноўваць усе польскія каналы, якія вяшчаюць на замежных мовах, уключаючы «Белсат».
Бранятоўскі даў камэнтар пасьля мітынгу-пікету, які адбыўся насупраць канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы ў падтрымку «Белсату». Пікет арганізавалі рух Зянона Пазьняка «Вольная Беларусь» і арганізацыя беларускіх нацыяналістаў «Рух». На акцыі было заяўлена, што вяшчаньне скароціцца ўтрая.
«Абсалютна несумленна казаць, што „Белсат“ ня будзе незалежным. Рэдакцыя „Белсату“ будзе цалкам беларускай, не будзе ніякіх „замоваў“ на тое, каб асьвятлялася тое, што хоча Міністэрства замежных справаў, ці не асьвятлялася тое, чаго яно не хоча. Прынамсі, да таго часу, пакуль я буду адказваць за гэта. Калі хочаце, можаце потым мяне цытаваць, калі гэта адбудзецца», — заявіў Бранятоўскі.
Адказваючы на пытаньне «Позірку» адносна інфармацыі пра ўнікальнае праграмнае забеспячэньне «Белсату», якое дае надзейную абарону, у прыватнасьці, ад хакерскіх атак і якога няма ў TVP World, суразмоўца адзначыў, што «усе гэтыя праграмы можна купіць з паліцы ў Амэрыцы».
Выступаючы на мітынгу, Бранятоўскі заявіў, што ўсе цяперашнія супрацоўнікі «Белсату» працягнуць працу на канале пасьля рэформы.
Пра тое, што «Белсат» плянуюць уключыць у склад новай польскай мэдыяструктуры — Цэнтру замежных праграмаў (ЦЗП), стала вядома 4 ліпеня. Тады Бранятоўскі паведаміў, што асноўная праца па стварэньні ЦЗП ужо праведзеная, зараз распрацоўваецца яго рэглямэнт і структура.
Прадугледжваецца, што ў склад ЦЗП акрамя «Белсата» ўвойдуць расейскамоўны канал «Вот Так» і «ўкраінская рэдакцыя». Плянуецца, што новая структура пачне працаваць 1 сакавіка 2025 году. Кіраваць ЦЗП будзе TVP World.
«Ліквідацыі „Белсату“ не будзе, ці будзе новая структура. Жадаю падкрэсьліць: „Белсат“ не зьнікае, ён толькі здабывае новыя магчымасьці, — адзначаў тады Бранятоўскі. — Кожнае тэлебачаньне ўнутры групы будзе працаваць пад сваім сьцягам, у іх будзе свой бюджэт і аўтаномія».
Форум