Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве адбыўся пікет у падтрымку тэлеканалу «Белсат»

абноўлена

Калектыўнае фота журналістаў тэлеканалу «Белсат»
Калектыўнае фота журналістаў тэлеканалу «Белсат»

На акцыі прасілі не зьмяняць канцэпцыю каналу.

Пікет у абарону тэлеканалу «Белсат» прайшоў увечары 8 жніўня каля канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты палітзьняволеных беларускіх журналістаў.

Ініцыятарам акцыі выступіў беларускі палітык Зянон Пазьняк.

У межах рэарганізацыі канал «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структурах Польскай тэлевізіі. Плянуецца, што каналы, якія працуюць на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах, будуць трансьлявацца пад уласнымі брэндамі. Кожны зь іх будзе мець шэсьць гадзін трансьляцыі цягам дня, нагадала «Польскае радыё».

TVP падало заяву ў пракуратуру аб падазрэньні былой дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» і фактычна яго заснавальніцы Агнешкі Рамашэўскай-Гузы ды іншых адказных асобаў у зьдзяйсьненьні злачынстваў, у тым ліку прычыненьня фінансавай шкоды і махлярстве.

Рамашэўская адпрэчвае гэтыя абвінавачаньні. Яна падкрэсьлівае, што, сярод іншага, у выпадку рэарганізацыі каналу Польшча страціць эфэктыўны інструмэнт уплыву.

Раней кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой патлумачыла, дзеля чаго наймала фірму праграмістаў, і адзначыла, што на праграмным забесьпячэньні TVP немагчыма было б працаваць настолькі разнастайна, як канал рабіў гэта цягам некалькіх гадоў, разьвіваючы розныя мультымэдыйныя плятформы.

На пікеце ў Варшаве нагадалі, што сярод 37 працаўнікоў прэсы, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, ёсьць і супрацоўнікі «Белсату», якія пацярпелі за сваю прафэсійную дзейнасьць, атрымаўшы палітычна матываваныя прысуды.

На пікеце выступалі настаўнік і суарганізатар беларускіх акцый Васіль Плешкуноў, прадстаўнік моладзевай арганізацыі «Рух» «Ігнась», намесьнік дырэктара TVP Міхал Бранятоўскі, прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў справах нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык, палітыкі Алена Дзядзюля, Вячаслаў Сіўчык, Зянон Пазьняк і былая дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

На акцыі прынялі рэзалюцыю са зваротам да міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага. Яе адразу накіравалі на электронную пошту ў бюро кіраўніка МЗС, піша канал Пазьняка.

У дакумэнце адзначаецца, што апошнія падзеі могуць пакласьці канец 17-гадовай дзейнасьці каналу. Прычынаў зьнішчэньня каналу заяўнікі не разумеюць, бо дзейнасьць «Белсату» адпавядае беларускім і польскім нацыянальным інтарэсам.

У звароце да міністра Сікорскага беларусы і палякі адзначылі, што спадзяюцца на скасаваньне пляну перафарматаваньня «Белсату», і выказалі надзею, што канал будзе працаваць як раней. Яны просяць польскія ўлады працягнуць далейшае функцыянаваньне тэлеканалу.

БАЖ і Прэс-клуб Беларусь таксама выступілі з адмысловым зваротам у абарону «Белсату».

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што ў выніку зьменаў, якія праводзяцца на тэлеканале, цяперашні „Белсат“ ператворыцца ў адну з трох моўных адзінак, што будуць весьці трансьляцыю па чарзе на адным канале. Такім чынам, беларусы ўнутры краіны могуць згубіць адзіную тэлевізію на роднай мове, якую сёньня маюць магчымасць уключыць у любы момант, каб пачуць і пабачыць навіны, якіх яны больш нідзе не атрымаюць. У той жа час украінцы і расейцы маюць доступ да розных крыніцаў незалежнага тэлевізіі. У беларусаў ёсьць толькі „Белсат“.

У выніку беларусы могуць апынуцца ў яшчэ большай пастцы расейскай прапаганды і аддаліцца ад Эўрапейскага зьвязу. Мы хвалюемся, што 17-гадовая праца „Белсату“ і высілкі польскай дзяржавы па дэкалянізацыі беларусаў будуць страчаныя ў цяжкі для Беларусі і сьвету час. Тым больш што ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны і павелічэньня інфармацыйных узьдзеяньняў з боку крамлёўскіх сілаў „Белсат“ застаецца важным фарпостам для бясьпекі Польшчы і ўсёй Эўропы.

Мы бачым, што прадстаўнікі рэжыму ўжо выкарыстоўваюць гэтую нагоду для дэматывацыі беларусаў, павелічэньня разрыву паміж беларускім грамадзтвам і грамадзтвам Польшчы і Эўропы, страты надзеі на далучэньне Беларусі да дэмакратычнага сьвету».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG