Краіны выступілі з нагоды чацьвёртых угодкаў масавых пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году.
ЗША, Літва, Швэцыя і Фінляндыя заявілі пра салідарнасьць зь беларусамі ў іхнай барацьбе за дэмакратыю і свабоду.
«Беларускае грамадзтва ў 2020 годзе галасавала не за Аляксандра Лукашэнку, а за лідэра дэмакратычных сіл Сьвятлану Ціханоўскую. Праз фальсыфікацыі выбараў пачаліся масавыя пратэсты, якія былі здушаныя беспрэцэдэнтнымі рэпрэсіямі. Рэжым Лукашэнкі ў інтарэсах Крамля працягвае агрэсіўную імпэрыялістычную палітыку русыфікацыі, ажыцьцяўляе эканамічнае, ваеннае і культурнае падпарадкаваньне Беларусі Маскве, зьяўляецца саўдзельнікам ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны», — адзначаецца ў заяве Міністэрства замежных спраў Літвы.
У дакумэнце сьцьвярджаецца, што Літва, як і раней, не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам, лічыць яго рэжым незаконным і дамагаецца яго поўнай міжнароднай ізаляцыі, санкцый і крымінальнай адказнасьці за рэпрэсіі ў Беларусі і падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны.
«Мінула чатыры гады з таго часу, як рэжым Лукашэнкі незаконна і жорстка скраў выбары ў Беларусі. Але Швэцыя будзе падтрымліваць беларускі народ і яго бясспрэчнае права зноў здабыць дэмакратыю і свабоду. Сьвятлана Ціханоўская зьяўляецца лідэрам беларускай дэмакратычнай апазыцыі, і мы падтрымліваем яе», — напісаў на сваёй старонцы на плятформе Х міністар замежных спраў Швэцыі Тубіяс Більстрэм.
Кіраўніца МЗС Фінляндыі Эліна Валтанэн таксама заявіла пра салідарнасьць і падтрымку беларусаў. «Сёньня спаўняецца чатыры гады з моманту фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна абараніць сваё права на выбар уласнай будучыні. Фінляндыя падтрымлівае дэмакратычную Беларусь і выступае на баку яе народу», — напісала яна на сваёй старонцы на пляфторме Х.
Дыпляматы ЗША заклікалі ўлады Беларусі вызваліць усіх палітычных зьняволеных.
«9 жніўня 2020 году беларусы выйшлі на пратэсты супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў. Праз 4 гады больш за 1400 палітвязьняў застаюцца за кратамі. Мы заклікаем да іх неадкладнага вызваленьня і падтрымліваем беларускі народ і яго дэмакратычныя памкненьні», — адзначаецца ў паведамленьні амбасады ЗША ў Беларусі.
Напярэдадні з аналягічнай заявай выступіў Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.
9 жніўня на заявы заходніх краін і Эўразьвязу адрэагавалі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Там іх назвалі «высакапарнымі» і абвінавацілі ЭЗ і «асобныя краіны» ў супрацьстаяньні.
«Сваімі заявамі датычна Рэспублікі Беларусь эўрачыноўнікі хацелі б прыхаваць уласныя правалы і непрадуманыя рашэньні ў эканоміцы, энэргетычнай сфэры, міграцыйнай палітыцы. Аднак найбольш складана Эўразьвязу прыхаваць відавочнае — крызіс ідэй уласнага разьвіцьця і стратэгіі выбудоўваньня дачыненьняў з суседзямі, у тым ліку і Беларусьсю», — адзначаецца ў заяве.
У МЗС Беларусі прапанавалі «Эўразьвязу вярнуцца ў рэчышча аб’ектыўных рэалій, прагматызму і дыялёгу».
Форум