Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЭЗ заявілі пра пагрозу для сувэрэнітэту і ідэнтычнасьці Беларусі і паабяцалі падтрымку дэмакратыі


Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. Архіўнае фота
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль. Архіўнае фота

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль выступіў з заявай з нагоды чарговых угодкаў масавых пратэстаў у Беларусі, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году з прычыны фальсыфікацыі іх вынікаў.

«Чатыры гады таму, 9 жніўня, жыхары Беларусі выйшлі на вуліцы, каб мірна пратэставаць супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў і спробы Лукашэнкі пазбавіць іх права вырашаць сваю будучыню. З таго часу, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, беларускі народ неаднаразова і мужна адстойваў свае правы чалавека і дэмакратычную будучыню сваёй краіны», — адзначаецца ў заяве.

У дакумэнце паведамляецца, што на акцыі пратэсту ў Беларусі рэжым Лукашэнкі адказаў масавай кампаніяй гвалту і запалохваньня, у выніку якой у зьняволеньні апынуліся тысячы грамадзян.

«Лукашэнка распачаў татальныя рэпрэсіі супраць беларускай грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, свабодных СМІ і журналістаў, палітычных апанэнтаў, дзеячоў незалежных прафсаюзаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў і, урэшце, супраць усіх звычайных грамадзян, якія выказваюць свае погляды, як у краіне, так і за яе межамі», — адзначаецца ў заяве.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі нагадаў, што прынамсі шэсьць беларускіх палітвязьняў загінулі ў зьняволеньні, а многія зь іх утрымліваюцца ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі.

«Некаторыя з затрыманых знаходзяцца ў стане небясьпекі для жыцьця і патрабуюць неадкладнай мэдычнай дапамогі. Такое абыходжаньне са зьняволенымі і затрыманымі зьяўляецца парушэньнем міжнароднага права і ўласных абавязаньняў Беларусі», — падкрэсьліў Жузэп Бурэль.

Ад імя Эўразьвязу ён заклікаў да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных і несправядліва затрыманых у Беларусі.

У заяве адзначаецца, што сувэрэнітэт і ідэнтычнасьць Беларусі знаходзяцца пад усё большай пагрозай. Апроч шырокамаштабных унутраных рэпрэсіяў, рэжым Лукашэнкі стаў саўдзельнікам незаконнай агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны, дапамагаў вайсковымі рэсурсамі і спрыяў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. З 2021 году рэжым таксама арганізаваў міграцыйны ціск на зьнешнія межы Эўразьвязу, падкрэсьліваецца ў заяве.

Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу нагадаў пра ўвядзеньне некалькіх пакетаў санкцыяў супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму — цяпер пад пэрсанальныя індывідуальныя абмежаваньні ЭЗ падпалі 261 фізычная асоба і 37 арганізацый і ўстановаў.

«Эўразьвяз захоўвае адзінства ў сваёй падтрымцы адважных людзей Беларусі, беларускага дэмакратычнага руху і грамадзянскай супольнасьці ў іх імкненьні да свабоднай, дэмакратычнай, сувэрэннай і незалежнай Беларусі як часткі мірнай Эўропы. Як толькі Беларусь пачне дэмакратычны пераход, ЭЗ акажа падтрымку для стабілізацыі яе эканомікі і рэфармаваньня яе інстытутаў, у тым ліку праз Комплексны плян эканамічнай падтрымкі ў памеры да 3 мільярдаў эўра. Мы і надалей будзем дамагацца, каб голас беларускага народу быў пачуты», — адзначаецца ў заяве.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG