Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паразуменьня не адбылося». Дэпутат Марзалюк сустракаўся ў калёніі са зьняволенымі


Ігар Марзалюк
Ігар Марзалюк

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк сустракаўся са зьняволенымі калёніі № 15, што пад Магілёвам. Пра сустрэчу са словаў вязьня, які дагэтуль адбывае пакараньне ў калёніі, расказаў сваяк, які прасіў не называць ягонага імя.

Паводле крыніцы, сустрэча адбылася яшчэ ўзімку, але на волі пра яе стала вядома толькі цяпер.

«Нас было больш за 100, прывялі ў клюб і сказалі, што будзе лекцыя з гісторыі вайны. Выйшаў гэты Ігар Марзалюк, але з нас амаль ніхто яго ня ведаў. Што ён дэпутат ці былы гісторык, ведалі, можа, адзінкі. Слухалі, як заўсёды любога лектара ці міліцыянта, напаўвуха. А той паступова пачаў крычаць на нас, вучыць нас жыцьцю. Казаў: „Вось вы на мяне „наяжджалі“, крытыкавалі мяне, і што цяпер? Дзе вы? У турме седзіце. А дзе я?» Як мы з хлопцамі зразумелі, гэта ён спрачаўся з уяўнымі палітычнымі, якіх насамрэч на сустрэчы амаль не было. Я дык бачыў толькі аднаго «жаўтабірачніка», а іншых я не заўважыў.

Думаю, палітычных на сустрэчу знарок не пусьцілі, а Марзалюку пра гэта не сказалі. Ён жа ўсё роўна не разьбіраецца, ня ведае, што палітычныя — з жоўтымі біркамі. Вось так і слухалі тую лекцыю. Марзалюк крычаў на нас, а мы маўчалі. Паразуменьня яўна не атрымалася. Я дык слухаў, а сам думаў, што гэта ты такі сьмелы, бо вакол мянты. А ўвогуле ў мяне склалася ўражаньне, што лектар быў нападпітку, бо вельмі хутка «завёўся». І па выніку ў мяне (і не ў аднаго мяне) засталося пачуцьцё крыўды. Хто ты такі, што на нас лаесься, тым больш крычыш на сваіх жа, палітычных? Што яны табе зрабілі?» — так, паводле суразмоўцы Свабоды, расказваў яму зьняволены сваяк.

У мэтах бясьпекі крыніца прасіла не называць імя палітвязьня, які прысутнічаў на сустрэчы зьняволеных калёніі з дэпутатам Ігарам Марзалюком і мусіў выслухоўваць ягоную лаянку на адрас апазыцыі. Паводле крыніцы, палітвязень падчас сустрэчы не сказаў ні слова.

Дэпутат Ігар Марзалюк родам з Краснапольля Магілёўскай вобласьці, ён прафэсійны выкладчык гісторыі. Некаторыя беларускія навукоўцы лічаць Марзалюка больш прапагандыстам, чым сур’ёзным дасьледчыкам. Вядома выказваньне Ігара Марзалюка пра вокліч «Жыве Беларусь», у якім дэпутат назваў лёзунг змагароў за незалежнасьць Беларусі калькай з нацысцкага вітаньня «Зіг Хайль», хоць словазлучэньне «Жыве Беларусь» узьнікла на шмат гадоў раней.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG