Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абурылася арганізацыяй вайскова-патрыятычнага выхаваньня на Віцебшчыне. Пакаралі 5 чыноўнікаў


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вайскова-патрыятычныя клясы СШ №93 у Менску, 2022 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Вайскова-патрыятычныя клясы СШ №93 у Менску, 2022 год

Органы пракуратуры Віцебскай вобласьці праверылі, як у мясцовых школах арганізавана патрыятычнае выхаваньне школьнікаў, і ў большасьці зь іх выявілі парушэньні. 5 службовых асобаў прыцягнулі да дысцыплінарнай адказнасьці, паведамляе прэс-служба ведамства.

Праверкі абласная пракуратура матывавала тым, што «выхаваньне навучэнцаў у гэтым кірунку непарыўна зьвязана з узроўнем крыміналізацыі ў моладзевым асяродзьдзі». Вынікі праверак, паводле ведамства, паказалі, што ўстановы сярэдняй адукацыі «не ў дастатковай ступені» праводзілі працу дзеля грамадзянскага і вайскова-патрыятычнага выхаваньня школьнікаў.

«Напрыклад, выяўленыя факты фармальнага падыходу кіраўнікоў да плянаваньня на навучальны год мерапрыемстваў, накіраваных на фармаваньне ў вучняў патрыятычнага настрою, пры гэтым заплянаваныя мерапрыемствы не выконваюцца. У іх часта ўдзельнічаюць адны і тыя ж навучэнцы», — заявілі ў Генпракуратуры.

Акрамя таго, паводле ведамства, на захады не заўсёды запрашалі супрацоўнікаў МНС, міліцыі, вайскоўцаў, вэтэранаў баявых дзеяньняў і прадстаўнікоў грамадзкіх аб’яднаньняў (гэта таксама лічыцца парушэньнем). Таксама вынікі праверкі паказалі, што кіраўніцтва школ ня моцна кантралюе тых, хто адказны за патрыятычнае выхаваньне. Аслаблены і кантроль аддзелаў= адукацыі гаррайвыканкамаў.

Агулам у выніку праверак 117 установаў агульнай сярэдняй адукацыі вобласьці парушэньні выявілі ў 63 зь іх (53,8%). Паводле Генэральнай пракуратуры, гэта сьведчыць пра «аслабленую работу ўстановаў адукацыі па ідэалягічным і вайскова-патрыятычным выхаваньні».

Па выніках праверак Генпракуратура запатрабавала ад кіраўніка Віцебскага гарвыканкаму ліквідаваць выяўленыя парушэньні. У выніку да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнулі пяць службовых асобаў.

  • Актывізацыя «патрыятычнага выхаваньня» ў духу ляяльнасці да дзейнай улады ўзрасла ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і наступных масавых пратэстаў. У школах увялі пасаду адмысловага вайскова-патрыятычнага выхавальніка, для дзяцей ствараюць вайскова-патрыятычныя клюбы і вайскова-патрыятычныя клясы. У асяродзьдзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі з палітычных матываў.
  • У траўні 2022-га Лукашэнка падпісаў закон аб разьвіцьці вайскова-патрыятычных клюбаў і фінансаваньні іх зь бюджэту. У такіх клюбах дзяцей вучаць рукапашнаму бою, карыстаньню зброяй і, як кажа віцэ-міністар, адданасьці краіне і гатоўнасьці бараніць яе са зброяй у руках. Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец абяцаў да канца 2023-24 навучальнага году адкрыць вайскова-патрыятычную клясу ці клюб у кожнай школе Беларусі.
  • Праца па «патрыятычным, грамадзянскім выхаваньні» ў Беларусі «сёньня пачынаецца ў дзіцячым садку», заявіў 16 чэрвеня міністар адукацыі Андрэй Іванец. Дашкольныя навучальныя ўстановы таксама актыўна займаюцца «патрыятычным выхаваньнем» дзяцей: праводзяць сустрэчы дзяцей з праваслаўнымі сьвятарамі і водзяць іх у цэрквы, ладзяць «патрыятычныя мерапрыемствы», у тым ліку з удзелам БРСМ, міліцыі, АМАПу, пракурорскіх работнікаў і вайскоўцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG