Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сабраў «тытунёвую нараду», каб высьветліць як працуе галіна праз тры гады пасьля ўвядзеньня санкцый


Вытворчасьць цыгарэт на Горадзенскай тытунёвай фабрыцы. Архіўнае фота
Вытворчасьць цыгарэт на Горадзенскай тытунёвай фабрыцы. Архіўнае фота

«Той, хто нагнятае, пойдзе даіць кароў, калі іх возьмуць у сельскую гаспадарку», — паабяцаў Аляксандар Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду распрацаваць захады, каб «максымальна захаваць аб’ёмы вытворчасьці і экспарту» тытунёвай прадукцыі.

Да ўвядзеньня санкцый у 2021 годзе праз фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, жорсткі разгон акцый пратэсту і палітычныя рэпрэсіі тытунёвая прамысловасьць была адно з самых рэнтабельных у Беларусі.

«Тытунёвая галіна па-ранейшаму застаецца адной з значных крыніц папаўненьня бюджэту. Па выніках 2023 году — 2,5 мільярда рублёў. Але гэта было ўчора. Сёньняшнія тэндэнцыі ня могуць не насьцярожваць», — паведаміў Лукашэнка.

Відэазапіс ягонай прамовы на нарадзе ў пытаньнях «удасканаленьня парадка вытворчасьці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў у краіне» апублікавалі ў Telegram-канале «Пул первого», які зьвязваюць з прэсавай службай Лукашэнкі.

«Прычыны могуць быць розныя, але неабходна распрацаваць захады, каб зыходзячы з інтарэсаў дзяржавы і працоўных калектываў, па максымуме захаваць аб’ёмы вытворчасьці і экспарту», — заявіў Лукашэнка.

У той жа час ён папярэдзіў адказнасьцю тых прадстаўнікоў ураду, прадпрыемстваў і мясцовых уладаў, якія «нагнятаюць сытуацыю».

«Той, хто нагнятае, пойдзе даіць кароў, калі іх возьмуць у сельскую гаспадарку», — паабяцаў Аляксандар Лукашэнка.

Што папярэднічала

У Беларусі два буйныя вытворцы тытунёвых вырабаў: горадзенская фабрыка «Нёман» (70–80% прадукцыі) і прыватная кампанія «Табак-Інвест» у Менску (каля 20% рынку). У 2008–2011 гадах аб’ём вытворчасьці тытунёвых вырабаў у Беларусі павялічыўся на 11% у год.

У жніўні 2018 году кампанія бізнэсоўца Аляксея Алексіна «Энэрга-Оіл» атрымала аднаасобнае права на продаж тытунёвых вырабаў Горадзенскай фабрыкі «Нёман» гуртам і ўраздроб на ўнутраным і зьнешнім рынках.

Квота выпуску цыгарэт у Беларусі перавышае патрэбы ўнутранага рынку. Напрыклад, у 2017 годзе пры ёмістасьці рынку 20 мільярдаў цыгарэт выпуск складаў 29 мільярдаў.

Афіцыйную статыстыку аб дзейнасьці тытунёвай прамысловасьць не публікуюць з 2016 году.

Паводле Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця, легальны экспарт тытунёвых вырабаў зь Беларусі ацэньваецца ў некалькі мільёнаў эўра на год, прадаюць у асноўным у Грузію і Азэрбайджан.

Пры гэтым да 2020 году у Эўропе і Ўкраіне ўсё часьцей лавілі нелегальныя партыі беларускіх цыгарэт. У 2020 годзе на мяжы з Латвіяй спынілі 72 мільёны незадэкляраваных цыгарэт — гэта на 23,7% больш, чым у 2019-ым.

У той жа год літоўская мытня затрымала больш за 13,1 мільёна пачкаў кантрабандных цыгарэт — гэта па 5 пачкаў на кожнага жыхара краіны. Яны амаль усе былі беларускай вытворчасьці.

Паводле інфармацыі Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, з пачатку 2020 году кантрабандысты спрабавалі пераправіць празь мяжу амаль 12 мільёнаў пачак цыгарэт. Большую іх частку — 7,4 мільёна пачак — выявілі ў марскіх пунктах пропуску. І часьцей за ўсё гаворка ішла пра цыгарэты беларускай вытворчасьці. У 2022 годзе, калі ўжо пачалася вайна, праваахоўныя органы Ўкраіны раскрылі «ваенную» схему кантрабанды тытуню зь Беларусі праз Эўропу на ўкраінскую тэрыторыю.

У чэрвені 2021 году Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі супраць Беларусі, у тым ліку забараніў пастаўку ў Беларусь прадукцыі, сыравіны і абсталяваньня для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, а таксама абсталяваньня для падрыхтоўкі і прыгатаваньня тытуню.

Цяпер, як сказаў Аляксандар Лукашэнка, заводам удалося «нівэляваць наступствы санкцый і забясьпечыць сябе сыравінай і матэрыяламі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG