Гэты ўдар па Ізраілі Іран паабяцаў у адказ на забойства кіраўніка палітбюро ХАМАС Ісмаіла Ханія. Пра гэта выданьню Axios заявілі тры крыніцы сярод афіцыйных асобаў ЗША і Ізраілю.
Паводле іншых зьвестак, якія прыводзіць тэлеканал Sky News Arabia з спасылкай на заходнюю выведку, напад Ірану можа адбыцца з 12 на 13 жніўня, калі ў Ізраілі адзначаецца дзень жалобы габрэйскага народу па разбураным Ерусалімскім храме.
Чакаецца, што іранскі напад будзе мець той жа сцэнар, што і красавіцкі напад на Ізраіль, аднак, магчыма, будзе больш маштабным і ў яго будзе залучаная ў тым ліку лібанская «Хізбала».
ЗША, Вялікая Брытанія, Швэцыя, Францыя, Канада і Ярданія заклікалі сваіх грамадзян як мага хутчэй пакінуць Лібан. У адзіным міжнародным аэрапорце краіны ў Бэйруце скасоўваюць усё больш рэйсаў. Пасольства ЗША ў Бэйруце заявіла ў суботу, што тым, хто вырашыў застацца ў Лібане, варта «падрыхтаваць плян дзеяньняў у надзвычайных сытуацыях» і быць гатовымі «ўкрывацца ў сховішчы цягам доўгага часу».
Паводле ізраільскіх мэдыя, каля 100 тысяч ізраільцаў захрасьлі ў розных аэрапортах сьвету. Гэта адбылося праз шматлікія скасаваньні рэйсаў. Ужо 18 авіякампаніяў скасавалі палёты ў Ізраіль з прычыны магчымага іранскага ўдару. Нацыянальная авіякампанія «Эль-Аль» арганізуе дадатковыя рэйсы, каб эвакуаваць грамадзян дадому.
- Кіраўнік палітбюро ХАМАС Ісмаіл Ханія быў забіты ў ноч на 31 ліпеня ў Тэгеране, куды ён прыехаў на інаўгурацыю новага прэзыдэнта Ірану Масуда Пэзэшкіяна. Газета The New York Times паведамляла з спасылкай на шматлікія крыніцы на Блізкім Усходзе, што Ханія забілі выбухам бомбы, закладзенай у гасьцявым доме каля двух месяцаў таму.
- ХАМАС усклаў адказнасць за забойства на Ізраіль; улады Ізраілю афіцыйна забойства не камэнтавалі. Найвышэйшы лідэр Ірану Алі Хамэнэі, як пісала The New York Times, загадаў нанесьці просты ўдар па Ізраілі ў адказ на забойства Ханія.
- У ноч на 14 красавіка Іран атакаваў Ізраіль дзясяткамі бесьпілётнікаў, а таксама крылатых і балістычных ракет. Атака стала адказам на ўдар Ізраілю па консульстве Ірану ў Дамаску, у выніку якога былі забітыя некалькі высокапастаўленых чальцоў Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі.
Форум