Піша аналітык Радыё Свабода Рэй Фэрланг.
Забойства Ханіі падчас меркаванага ізраільскага ўдару ў Тэгеране 31 ліпеня робіць пагадненьне аб спыненьні агню ці нават працяг перамоваў яшчэ менш імавернымі.
62-гадовы Ісмаіл Ханія адыграў ключавую ролю ў перамовах пры міжнародным пасярэдніцтве аб дасягненьні пастаяннага спыненьня агню ў палестынскім анкляве і арганізацыі вызваленьня ізраільскіх закладнікаў. Ён таксама лічыўся адносна памяркоўным у ХАМАС.
«Як пасярэдніцтва можа быць пасьпяховым, калі адзін з бакоў забівае ўдзельніка перамоваў зь іншага боку?» — спытаў прэм’ер-міністар Катару шэйх Махамэд бін Абдулрахман Аль Тані 31 ліпеня. Гэтая арабская краіна ў Пэрсыдзкай затоцы разам з Эгіптам пасярэднічала ў шматмесячных перамовах.
МЗС Эгіпту выказала аналягічную пазыцыю, заявіўшы, што забойства падарвала мірныя перамовы.
Вайсковае крыло ХАМАС заявіла, што забойства Ханіі ў прыгарадзе Тэгерану стала «водападзелам», які «выведзе вайну на новы ўзровень».
Але, нягледзячы на пагрозы, ХАМАС можа ня мець вайсковага патэнцыялу, каб адпомсьціць за забойства свайго лідэра. Рух моцна аслаблены пасьля жорсткай 10-месячнай вайны Ізраілю ў Газе, у выніку якой, па словах палестынскіх чыноўнікаў аховы здароўя на гэтай тэрыторыі, загінулі амаль 40 000 чалавек, у асноўным мірных жыхароў.
Нават у гэтым выпадку ХАМАС наўрад ці захоча весьці далейшыя перамовы. Акрамя пэрспэктывы байкоту, ёсьць яшчэ і практычныя меркаваньні.
Ханія быў вельмі дасьведчанай асобай з сусьветным прызнаньнем. Ён кантраляваў адносіны з ключавымі саюзьнікамі на Блізкім Усходзе і за яго межамі. На некаторых зь ягоных апошніх фатаграфій ён абдымаецца зь вярхоўным лідэрам Ірану аяталой Алі Хамэнэі. Жывучы ў Катары, ён мог падарожнічаць і зьяўляцца на важных сустрэчах.
Яго сьмерць пакідае значную пустку, і незразумела, хто стане яго пераемнікам.
Йех’я Аль-Сінвар — кіраўнік збройнага крыла ХАМАС, шмат кім ён разглядаецца як натхняльнік атакі групоўкі 7 кастрычніка 2023 году, у выніку якой загінулі каля 1200 ізраільцян. Сотні іншых былі ўзятыя ў закладнікі. Цяпер ён, як мяркуюць, хаваецца ў Газе.
Іншая высокапастаўленая фігура, Захер Джабарын, узначальвае групоўку на акупаваным Ізраілем Заходнім беразе Ярдану, які часткова знаходзіцца пад кантролем Палестынскай адміністрацыі. Джабарын таксама хаваецца.
Ізраіль паабяцаў зьнішчыць кіраўніцтва ХАМАС, і абодва названыя лідэры разглядаюцца як галоўныя цэлі.
Новы лідэр можа быць выхадцам з палітычнага офісу ХАМАС у Катары, але яго абраньне, верагодна, зойме час, і незразумела, якую пазыцыю ён будзе мець.
Некаторыя лічылі Ханію прагматыкам у адрозьненьне ад больш жорсткіх дзеячоў ХАМАС, якія базуюцца ў Газе. Але ў той жа час Злучаныя Штаты прызналі яго тэрарыстам, і ён выказаўся ў падтрымку нападаў 7 кастрычніка.
Нават калі ХАМАС вырашыць працягнуць перамовы, незразумела, хто будзе мець магчымасьці і паўнамоцтвы прадстаўляць рух на перамовах.
Іранскае дзяржаўнае тэлебачаньне заявіла, што забойства Ханіі затрымае далейшыя перамовы на «некалькі месяцаў».
Многія назіральнікі таксама выказалі здагадку, што забойства Ханіі павышае рызыку рэгіянальнага канфлікту. Хамэнэі хутка абвінаваціў Ізраіль і паабяцаў, што Іран адпомсьціць за сьмерць Ханіі. Гэта падмацавала такія асьцярогі.
Буйная эскаляцыя, хутчэй за ўсё, зробіць пэрспэктыву перамоваў Ізраілю і ХАМАС яшчэ больш аддаленай.
Але шмат будзе залежаць ад дзеяньняў Ірану і сеткі ягоных баявых груповак і давераных асоб у рэгіёне. Узважваючы свой адказ, Тэгеран і яго саюзьнікі, верагодна, будуць балянсаваць на мяжы паміж захаваньнем твару і правакацыяй разбуральных ізраільскіх адказаў.
Калі Іран зможа пазьбегнуць сур’ёзнай эскаляцыі, гэта ліквідуе адну зь перашкодаў для аднаўленьня перамоваў паміж Ізраілем і ХАМАС у будучыні. Але пэрспэктывы гэтага вельмі няпэўныя.
Іран таксама абвінаваціў Злучаныя Штаты ў забойстве Ханіі, маючы на ўвазе вайсковую, эканамічную і дыпляматычную падтрымку Ізраілю з боку Вашынгтону.
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен адмаўляе, што Вашынгтон быў нейкім чынам датычны да нападу ці ведаў пра яго загадзя.
Аднак характэрна, што ён вельмі асьцярожна выказваўся наконт таго, як забойства Ханіі паўплывае на пэрспэктывы перамір’я ў Газе. 31 ліпеня ён заявіў толькі, што «па-ранейшаму неабходна дасягнуць спыненьня агню, і гэта па-ранейшаму важна для ўсіх».
Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум