На станцыі мэтро «Слуцкі гасьцінец» зробяць асьвятленьне на ўзор слуцкіх паясоў
Асноўныя колеры станцыі — сіні і сталёвы. Такія ж колеры ў падсьвятленьні. Перапляценьне ромбаў, якое створаць лямпы, будзе імітаваць слуцкія паясы, піша Citydog.
На станцыі «Слуцкі гасьцінец» ня будзе эскалятараў, прадугледжаны толькі адзін вэстыбюль. Гэта адна з станцыяў трэцяй лініі менскага мэтро «Зеленалуская».
Flo стала «аднарогам»
Flo — IT-кампанія, якую стварылі беларусы. Яна дала пачатак папулярнай аплікацыі для кантролю за жаночым здароўем Flo Health, каб адсочваць мэнструальны цыкль.
Нядаўна кампанія прыцягнула 200 мільёнаў даляраў інвэстыцыяў. Гэта падняло ейны кошт. Цяпер яе ацэньваюць у мільярд даляраў. Flo стала другой кампаніяй-«аднарогам» зь беларускімі каранямі. Першай была PandaDoc.
Галоўны офіс распрацоўкі ІТ-кампаніі Flo месьціцца ў Вільні, штаб-кватэра — у Лёндане, прадстаўніцтвы — у Нідэрляндах і ЗША. Менскі офіс распрацоўкі цяпер закрыты.
На сёньня Flo абслужыла каля 380 мільёнаў карыстальнікаў ва ўсім сьвеце, зь якіх 70 мільёнаў актыўна выкарыстоўваюць бясплатную вэрсію праграмы штомесяц, а яшчэ 5 мільёнаў — платныя падпісчыкі прэміюм-вэрсіі.
Польшча прызнала польскі праязны дакумэнт для іншаземцаў аналягам пашпарта
«МУС адзначыла, што пры падачы заявы на часовы або пастаянны дазвол на жыхарства, дазвол на жыхарства доўгатэрміновага рэзыдэнта ЭЗ іншаземец можа падаць дзейны польскі праязны дакумэнт, калі ня мае магчымасьці падаць свой беларускі пашпарт або іншы праязны дакумэнт», — гаворыцца ў паведамленьні Цэнтру беларускай салідарнасьці.
Беларусы могуць карыстацца польскім праязным дакумэнтам для пацьверджаньня асобы:
- у адміністрацыйных органах;
- у банках;
- пры перасячэньні мяжы;
- у іншых выпадках, калі неабходна засьведчыць асобу.
Зьявіцца новы заказьнік нацыянальнага ўзроўню
Заказьнік «Смычок-Калінаўка» створаць у Рэчыцкім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласьці. Ён аб’яднае тэрыторыі заказьніку нацыянальнага значэньня «Смычок» плошчай 2,6 тысячы гектараў і заказьніку мясцовага значэньня «Калінаўка» плошчай 3,7 тысячы гектараў, піша wildlife.belarus.
«Смычок» месьціцца на сутоку рэк Бярэзіны і Дняпра. «Калінаўка» ахоўвае балотныя віды і біятопы.
У гэтым месцы багата «чырванакніжных» відаў жывёл і расьлін.
Жывёлы: зімародак, чорны бусел, палявы лунь, драч, дубальт, арлан-белахвост, чапля-лазянік, чорны каршун, чапля-кваква, кулік-марадунка, сажалкавая начніца, жаўтушка зяноўцавая, плывунец шырачэнны.
Расьліны: фіялка багнавая, вадзяны арэх плывучы, касач сыбірскі, дзярэзка заліўная.
Новаму, больш надзейнаму ахоўнаму статусу тэрыторыі паспрыяла сумесная праца ініцыятывы «Дзікая прырода» і НПЦ НАН Беларусі ў біярэсурсах.
Скасаваньне расстрэлу і абмен вязьнямі
Лукашэнка памілаваў грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера. Яго ў канцы чэрвеня асудзілі ў Беларусі на сьмяротную кару. Іншаземца зьвінавацілі ў выбуху на станцыі Азярышча пад Менскам.
Крыгер нарадзіўся ў Бэрліне. Працаваў санітарам-ратавальнікам у «Нямецкім Чырвоным крыжы». У Беларусь прыехаў як турыст у кастрычніку 2023 году.
Ініцыятыва былых беларускіх сілавікоў BelPol заявіла, што прыезд Крыгера ў Беларусь справакавалі сілавікі, а працэс над ім сфальсыфікавалі. 30 ліпеня Лукашэнка памілаваў Крыгера. Аналітыкі назвалі гэтую спэцапэрацыю вакол грамадзяніна Нямеччыны гульнёй.
Крыгер стаў адным з 26 удзельнікаў міжнароднага абмену палітвязьнямі паміж Расеяй, Беларусьсю, ЗША і Нямеччынай. Дзякуючы абмену выйшла на волю, сярод іншых, журналістка татара-башкірскай службы Радыё Свабода Алсу Курмашава. Поўны сьпіс вызваленых тут.
Форум