Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: удзел беларускіх і расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе — паўсанкцыі супраць тыраніі


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, чэрвень 2024. Архіўнае фота
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, чэрвень 2024. Архіўнае фота

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што недапушчальны ўдзел у Алімпіядзе спартоўцаў краіны, якая забіла 488 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў у часе сваёй агрэсіі.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падзякаваў усім, хто змагаўся супраць афіцыйнага ўдзелу зборных Расеі і Беларусі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы, але ён назваў «паўсанкцыямі» дазвол беларускім і расейскім спартоўцам выступаць пад нэўтральным сьцягам.

«Гэта паўсанкцыі, бо расейскія і беларускія спартоўцы выступаюць пад нэўтральным сьцягам. Вядома, іх значна менш, але нікога не падманеш», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў інтэрвію францускай L’Équipe.

Украінскі прэзыдэнт перакананы, што ўдзел у Алімпіядзе спартоўцаў краіны, якая забіла 488 украінскіх спартоўцаў і трэнэраў у часе сваёй агрэсіі, недапушчальны.

«У Парыжы пабудаваныя прыгожыя будынкі. У гэтых спартовых комплексах таксама выступаюць спартоўцы пад нэўтральным сьцягам. Калі яны перамагаюць, іх узнагароджваць мэдалямі і ім пляскаюць у далоні. Дык давайце дадамо плямы крыві да гэтага нэўтральнага сьцягу. Так яны змогуць спаборнічаць, гэтага яны заслугоўваюць», — дадаў ён.

Паводле Ўладзіміра Зяленскага, калі сьвет хоча змагацца з тыраніяй і аўтарытарызмам, то пазбаўляць права на ўдзел варта было і Паўночную Карэю, «якая пагражае ўсяму сьвету ядзернай зброяй, прадае Расеі ракеты і мільёны артылерыйскіх снарадаў, якая выкарыстоўвае іх, каб забіваць украінцаў».

Беларусь на гэтых гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў.

  • Роварны спорт: Ганна Церах.
  • Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
  • Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
  • Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
  • Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
  • Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
  • Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
  • Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
  • Тэквандо: Георгі Гурцыеў.

Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG