Пра сытуацыю ў ВНУ Менску расказвае выданьне ФПБ 1prof.by.
БДУ
У Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт у гэтую ўступную кампанію залічылі 2590 абітурыентаў на бюджэтнае навучаньне. Конкурс на яго ў БДУ у сярэднім дасягнуў 1,7 чалавека на месца. Найбольшы конкурс быў на творчыя спэцыяльнасьці: напрыклад, на «Графічны дызайн і мультымэдыядызайн» — 19 чалавек на месца, на «Дызайн касьцюма і тэкстылю» — 8,5 чалавека, «Дызайн прадметна-прасторавага асяродзьдзя» — 7,6 чалавека.
Самыя высокія прахадныя балы сёлета на спэцыяльнасьці «Сусьветная эканоміка» — 395, «Эканамічная інфарматыка» — 394, «Прыкладная інфарматыка» — 391, «Міжнароднае права» і «Міжнародныя адносіны» — па 390 балаў.
БДУІР
Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт інфарматыкі і радыёэлектронікі залічыў сёлета на бюджэтнае навучаньне 1316 абітурыентаў. Сярэдні конкурс у БДУІР склаў 1,6 чалавека на месца, на асобных спэцыяльнасьцях колькасьць прэтэндэнтаў даходзіла да 7.
Самыя высокія прахадныя балы былі на спэцыяльнасьці «Праграмная інжынэрыя» — 395, «Электронная эканоміка» — 393, «Інфарматыка і тэхналёгіі праграмаваньня» — 391.
БДМУ
У мэдычным унівэрсытэце самым высокім быў прахадны бал на стаматалягічным факультэце — 395. На іншыя спэцыяльнасьці прахадны бал быў значна меншым: напрыклад, на лячэбным факультэце — 376, фармацэўтычным — 375, пэдыятрычным — 362.
Агулам у БДМУ сёлета зрабілі ўпор на мэтавым наборы студэнтаў: ад 60% да 80% бюджэтных месцаў занялі «мэтавікі».
БНТУ
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт на першы курс на бюджэтныя месцы залічыў ужо амаль 3 тысячы абітурыентаў.
Найбольш высокі прахадны бал у БНТУ ў 2024 годзе на «Інжынэрнай эканоміцы» (кіраваньне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве) — 379. За імі спэцыяльнасьці «Маркетынг (маркетынг прадпрыемстваў прамысловасьці)» — 376, «Бізнэс-адміністраваньне» — 372 і «Праграмная інжынэрыя» — 370.
БДПУ ім. М. Танка
У галоўнай пэдагагічнай ВНУ краіны конкурс на бюджэтныя месцы склаў звыш 1,5 чалавека на месца. Найбольшы конкурс быў на спэцыяльнасьць «Фізычная культура» — 2,5 чалавека на месца.
Самым высокі прахадны бал быў на спэцыяльнасьць «Псыхалёгія» — 321.
Тры чвэрці залічаных на бюджэтныя месцы першакурсьнікаў — гэта абітурыенты, якія набралі менш за 300 балаў.
МДЛУ
У Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт на бюджэтныя месцы самы высокі прахадны бал быў на спэцыяльнасьці «Перакладчыцкая справа (кітайская і ангельская мовы)» — 390.
БДТУ
У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце сёлета агульны конкурс на ўсе спэцыяльнасьці бюджэтнай формы навучаньня склаў 1,14 чалавека на месца, самы высокі конкурс быў на спэцыяльнасьць «Маркетынг» — 2,9 чалавека на месца.
Найбольш высокі прахадны бал быў па спэцыяльнасьці «Інфармацыйныя сыстэмы і тэхналёгіі» з прафілізацыяй «Лічбавы дызайн» — 345 балаў.
Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь
Сёлета ў гэтым ВНУ самы высокі конкурс і прахадны бал на бюджэтныя месцы быў на спэцыяльнасць «Дзяржаўнае кіраваньне і права» — 3,03 чалавека на месца, прахадны бал — 367.
Форум