У пачатку ліпеня кіраўнік МЗС Беларусі Максім Рыжанкоў наведаў Кітай. Беларускія ўлады называюць гэтую краіну адным з асноўных партнэраў. Глядзім, што адбываецца сёньня з пастаўкамі беларускіх прадуктаў у гэтую краіну.
Менш калію
Кітай, разам з Індыяй і Бразыліяй, адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх угнаеньняў, у тым ліку калійных. Аднак за апошні год Беларусь на кітайскім рынку пацясьнілі канкурэнты. За студзень—чэрвень Беларусь, згодна са зьвесткамі Мытнай службы Кітая, паставіла калійных угнаеньняў у Кітай (таварны код 3104) на 481,2 мільёна даляраў.
А летась за такі ж пэрыяд — на 985 мільёнаў даляраў. Значыць, экспарт калійных угнаеньняў у Кітай зь Беларусі ўпаў удвая.
На кітайскім рынку ўгнаеньняў (у асноўным гэта калійныя) Беларусь пацясьніла Расея (662,3 мільёна даляраў сёлета за паўгода) і Канада (423,2 мільёна за паўгода).
Менш малака і мяса птушкі
Адбываецца скарачэньне паставак у Кітай і па іншых таварах. Напрыклад, за першыя паўгода малака і малочных прадуктаў у Кітай прадалі на 14,1 мільёна даляраў, а летась на 21,3 мільёна.
Таксама Кітай стаў менш закупляць беларускага мяса птушкі і субпрадуктаў зь яе — 94,4 мільёна даляраў за першыя паўгода сёлета супраць 172,2 мільёна даляраў за такі ж пэрыяд летась. Гэта менш у 1,8 раза.
Таксама зьменшыліся пастаўкі рапсавага алею зь Беларусі ў Кітай з 176,3 мільёна даляраў за першыя паўгода летась да 130,8 мільёна сёлета.
Больш дрэва і гарэлкі
Аднак ёсьць прадукты, пастаўкі якіх зь Беларусі ў Кітай, наадварот, вырасьлі. Напрыклад, драўніны і вырабаў зь яе сёлета Кітай купіў у Беларусі на 124,7 мільёна даляраў. А летась толькі на 93,3 мільёна.
У Кітаі таксама сталі купляць больш беларускай гарэлкі. Сёлета са студзеня па чэрвень Кітай набыў гарэлкі ў Беларусі на 482 тысячы даляраў, летась за такі ж пэрыяд — на 309 тысяч.
Усяго ж за 6 месяцаў гэтага году Кітай купіў тавараў у Беларусі на 994,8 мільёна даляраў, летась за такі пэрыяд — на 1,6 мільярда. Такія папярэднія дадзеныя публікуе кітайская мытня.
Беларускія ж чыноўнікі называлі лічбу, большую за мільярд, па выніках першага паўгодзьдзя летась і 1,6 мільярда па выніках году менавіта беларускіх тавараў. У кітайскага боку 2,6 мільярда імпарту агулам па выніках году.
Як тлумачыць амбасадар Беларусі ў Кітаі Аляксандар Чарвякоў, разьбежка ўзьнікае, бо «кітайскія дадзеныя прыходзяць у Беларусь са спазьненьнем».
«Кітай усё менш зацікаўлены ў Беларусі»
Старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна адзначае, што 2023 год быў пасьпяховы ў пляне гандлю з Кітаем.
«Кітай больш арыентуецца на Расею і Канаду ў пляне пастаўшчыкоў калію. Відаць зьніжэньне ў рапсавым алеі, мясе, іншых прадуктах харчаваньня. Аднак у 2023 годзе быў рост, і на гэтым фоне відаць такое скарачэньне».
Калі параўноўваць з пасьпяховым для Беларусі 2023 годам, то дынаміка адмоўная. Але ж у мінулыя гады аб’ёмы паставак з Беларусі ў Кітай былі яшчэ меншымі. Паводле кітайскай мытні:
- 2022 год (першае паўгодзьдзе) — імпарт зь Беларусі на 820,8 мільёна даляраў;
- 2021 год (першае паўгодзьдзе) — імпарт зь Беларусі на 561,8 мільёна даляраў.
Гэта менш, чым сёлета. Аднак пастаўкі тавараў зь Беларусі ў Кітай расьлі з 2017 году і сёлета ўпершыню з таго часу адбываецца зьніжэньне.
Разьвіцьцю адносінаў зь Беларусьсю перашкаджае лягістыка, бо Кітай расцэньваў Беларусь як перавалачны хаб і шлях для сваіх тавараў на Захад. Праз праблемы Беларусі з Захадам гэты кірунак падбуксоўвае, зазначае экспэртка.
«Нельга казаць, што на зьніжэньне паставак зь Беларусі ўплываюць толькі санкцыі, бо ідзе гандаль з Расеяй. Санкцыі могуць адыгрываць ролю ў пляне прадуктаў харчаваньня, гэта ўплыў другасных санкцый. Кітай усё менш зацікаўлены ў Беларусі. У апошні год горш становіцца сытуацыя зь мяжой, а для Кітая гэта важна. Адносіны будуць разьвівацца і далей, але зацікаўленасьць з боку Кітая зьніжаецца. Калі ўжо і рызыкаваць санкцыямі, то лепш з Расеяй, дзе большы рынак», — тлумачыць Анастасія Лузгіна.
Форум