Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дзяржаўная тэлевізія паказала частку трансьляцыі з Алімпіяды, ня маючы правоў на яе


Плыўчыха Аліна Змушка ў алімпійскім заплыве 28 ліпеня
Плыўчыха Аліна Змушка ў алімпійскім заплыве 28 ліпеня

Тэлеканал «Беларусь-5», відаць па ўсім, нелегальна, паказаў частку трансьляцыі, у якой брала ўдзел беларуска.

28 ліпеня ў фінал дысцыпліны плаваньня на 100 мэтраў брасам на Алімпіядзе выйшла Аліна Змушка. Беларуская плыўчыха, якая, як і ўся дэлегацыя, выступае ў якасьці «нэўтральнай спартоўкі», паказала пяты (1.05,93) час па выніках двух паўфінальных заплываў.

Беларускія тэлегледачы маглі пабачыць заплыў беларускі выпадкова — яго нечакана паказалі падчас аднаго з выпускаў навін на тэлеканале «Беларусь-5». Паказ ніяк не анансавалі, заўважыла «Трыбуна».

Перад Алімпіядай стала вядома, што беларуская дзяржаўная тэлевізія паказваць Гульні ў Парыжы ня будзе, як і расейская. «Белтэлерадыёкампанія» не купляла правоў на паказ спаборніцтваў.

Блёк навінаў запусьцілі проста ў перапынку матчу Кубку Беларусі ў футболе паміж барысаўскім БАТЭ і жодзінскім «Тарпэда-БелАЗам». Прычым заплыў Змушкі паказалі не ў фармаце навіны, а як паўнавартасную трансьляцыю з камэнтаром супрацоўніка тэлеканалу. Відэа пазьней зьявілася і ў тэлеграм-канале «Беларусь-5».

У правым верхнім куце відэа знаходзіцца лягатып сайту «Беларусь-5». Але калі угледзецца, за ім відаць размыты лягататып, заўважылі журналісты.

Увечары 29 ліпеня ў 22:25 беларускага часу Аліна Змушка паплыве ў фінальным заплыве па 2-й лініі.

Беларусь на гэтых гульнях прадстаўляюць 17 спартоўцаў.

  • Роварны спорт: Ганна Церах.
  • Скачкі на батуце: Іван Літвіновіч, Віялета Бардзілоўская.
  • Цяжкая атлетыка: Сюзанна Валадзько, Яўген Ціханцоў.
  • Дужаньне: Абубакар Хаслаханаў, Магамедхабіб Кадзімагамедаў.
  • Стральба: Дар’я Чупрыс, Аляксандра Пятрова.
  • Веславаньне: Яўген Залаты, Тацяна Клімовіч.
  • Каноэ: Уладзіслаў Кравец, Юлія Трушкіна.
  • Плаваньне: Ільля Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушка.
  • Тэквандо: Георгі Гурцыеў.

Беларускія спартоўцы выступаюць у нэўтральным статусе. Абмежавальныя захады ўведзеныя ў адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 году працягвае Расея ва Ўкраіне з выкарыстаньнем тэрыторыі Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG