Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) Беларусі зацьвердзіў сьпіс спартоўцаў, якія паедуць на летнюю Алімпіяду ў Парыжы. У сьпісе — 16 атлетаў, яны выступяць у 9 відах спорту.
16 ліпеня адбылося пасяджэньне Выканаўчага камітэту НАК Беларусі, на якім разгледзелі і зацьвердзілі склад спартоўцаў на Алімпіяду-2024 і асобаў, якія будуць іх суправаджаць.
Беларусы ў нэўтральным статусе будуць выступаць у 9 відах спорту:
- акадэмічнае веславаньне (Яўген Залаты і Тацяна Клімовіч),
- барацьба (Абубакар Хаслаханаў),
- веласпорт (Ганна Цэрах),
- веславаньне на байдарках і каноэ (Уладзіслаў Кравец і Юлія Трушкіна),
- плаваньне (Аліна Змушка, Ільля Шымановіч і Анастасія Шкурдай),
- скачкі на батуце (Іван Літвіновіч і Віялета Бардзілоўская),
- стральба (Дар’я Чупрыс і Аляксандра Пятрова),
- тэквандо (Георгій Гурцыеў),
- цяжкая атлетыка (Сюзана Валадзько і Яўген Ціханцоў).
«У Парыжы спартоўцаў будуць суправаджаць трэнэры, мэдычны і адміністрацыйны пэрсанал. Кожная каманда па відзе спорту вызначае за які пэрыяд часу неабходна прыбыць у Парыж, каб да моманту старту апынуцца ў аптымальнай спартовай форме. Нашы атлеты, як і раней, будуць пражываць у алімпійскай вёсцы, па лягістычных і арганізацыйных момантах практычна нічога не зьмянілася», — паведаміла генэральны сакратар НАК Беларусі Ксенія Санковіч.
Яна адзначыла, што ня ўсе спартоўцы, якія заваявалі ліцэнзіі, атрымалі запрашэньне на Гульні ад МАК.
На папярэдняй Алімпіядзе ў Токіё Беларусь прадстаўлялі 108 спартоўцаў. Яны заваявалі сем мэдалёў, і, як пісала дзяржаўнае агенцтва БелТА, гэта быў «найгоршы вынік на летніх Гульнях».
Алімпіяду ў Парыжы не пакажуць па БТ
У праграме тэлеперадач дзяржаўных тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 5» на наступны тыдзень трансьляцый Алімпійскіх гульняў няма, паведамляе выданьне Smartpress.by. Гульні-2024 пачнуцца ў Парыжы 26 ліпеня.
Апошні раз у Беларусі не паказвалі Алімпіяду ў 1984 годзе.
Раней стала вядома, што ў Расеі ўпершыню за 40 гадоў не пакажуць Алімпіяду па тэлевізіі.
Жыхары Беларусі і Расеі ня змогуць глядзець і наступныя Алімпійскія гульні: раней Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) выключыў Беларусь і Расею зь ліку эўрапейскіх вяшчальнікаў Алімпійскіх гульняў у пэрыяд з 2026-га па 2032 год.
- 28 лютага 2022 году, празь некалькі дзён пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, МАК заклікаў спартовыя фэдэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў пад сваёй эгідай атлетаў з Расеі і Беларусі. Гэтую рэкамэндацыю неадкладна і масава прынялі да выкананьня, у выніку чаго расейскі і беларускі спорт апынуўся амаль у поўнай ізаляцыі.
- 25 студзеня 2023 году выканкам МАК пацьвердзіў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні да Беларусі і Расеі з прычыны вайны супраць Украіны, аднак зазначыў, што ніводнаму спартоўцу нельга забараняць удзельнічаць у спаборніцтвах «толькі за яго пашпарт».
- 28 сакавіка МАК выпусьціў заяву, у якой рэкамэндаваў міжнародным фэдэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расейцам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах. Пры гэтым павінен быць выкананы шэраг умоў. Беларускія і расейскія атлеты могуць спаборнічаць «у якасьці індывідуальных нэўтральных спартоўцаў» (без выкарыстаньня сьцяга, гімна і іншай сымболікі сваіх дзяржаў) і толькі ў тым выпадку, калі яны «актыўна не займаліся падтрымкай баявых дзеяньняў» і ня маюць дзейных кантрактаў зь сілавымі і вайсковымі ведамствамі сваіх краін.
- З аналягічнымі ўмовамі 8 сьнежня МАК дапусьціў індывідуальных спартоўцаў зь Беларусі і Расеі да ўдзелу ў Алімпіядзе-2024 у нэўтральным статусе.
Форум