«Праблема дзіцячага атлусьценьня вельмі сур’ёзная і мае глябальны характар. Паводле статыстыкі, на атлусьценьне пакутуюць каля 40 мільёнаў дзяцей у сьвеце. І ў нас практычна кожнае пятае дзіця таксама мае гэтыя праблемы», — сказаў Аляксандар Кільчэўскі.
Паводле яго, у далейшым гэта выліваецца ва ўскладненьні: цукровы дыябэт, сардэчна-сасудзістыя праблемы, анкалёгію.
«Галоўная прычына — зьмяненьне ладу жыцьця. Цяпер дзеці шмат сядзяць у гаджэтах і адыходзяць у віртуальны сьвет, ім не хапае фізычнай нагрузкі. Разам з гэтым яны па-ранейшаму любяць салодкую ежу», — дадаў Кільчэўскі.
Паводле прафэсара, змагацца з гэтай праблемай трэба з дапамогай прафіляктыкі атлусьценьня, кантролю рацыёну дзіцяці і вядзеньня актыўнага ладу жыцьця.
Агулам паводле ранейшых зьвестак навуковага дасьледаваньня, апублікаванага ў часопісе The Lancet, Беларусь у рэйтынгу краінаў сьвету па атлусьценьні грамадзян апынулася на 101-ым з 200 месцаў з паказчыкам у 20,13% насельніцтва сярод мужчын і на 118-ым месцы — сярод жанчын (23,70%).
У цяперашні час атлусьценьне уяўляе сабой большую пагрозу для здароўя людзей ва ўсім сьвеце, чым голад, адзначала выданьне.
Форум