Колькасьць сэртыфікаваных гатэляў складае 11% ад агульнай колькасьці сродкаў разьмяшчэньня ў Беларусі, паведаміла 25 ліпеня начальніца аддзелу сэртыфікацыі паслуг Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сэртыфікацыі Тацяна Сьмірнова на прэс-канфэрэнцыі.
Паводле яе, сэртыфікат пацьвярджае адпаведнасьць паслуг, якія надае гатэль, патрабаваньням дзяржаўнага стандарту СТБ 2577-2020, і пэўнай катэгорыі (іх для гатэляў прадугледжана шэсьць: ад «бяз зорак» да «пяці зорак»).
На сёньня ў Беларусі сэртыфікаты адпаведнасьці маюць 66 гатэляў і іншых сродкаў разьмяшчэньня:
«Зь іх „5 зорак“ маюць пяць сродкаў разьмяшчэньня (сярод іх адзін санаторый), „4 зоркі“ — 10, „3 зоркі“ — 37, „2 зоркі“ — 7, „бяз зорак“ — 7 (зь іх два гостэлы)», — удакладніла Тацяна Сьмірнова.
Паводле чыноўніцы, найбольш сэртыфікаваных гатэляў і іншых сродкаў разьмяшчэньня ў Менску — 33, за ім паводле колькасьці сэртыфікатаў ідуць Берасьцейская вобласьць (9), Віцебская і Магілёўская (па 6), Менская (5), Гомельская (4) і Гарадзенская вобласьці (3).
Таксама чыноўніца распавяла пра асноўныя патрабаваньні, устаноўленыя да той ці іншай катэгорыі пры сэртыфікацыі гатэляў:
«Нават для катэгорыі „бяз зорак“ павінны выконвацца базавыя патрабаваньні: наяўнасьць халоднай і гарачай вады, ацяпленьня і вэнтыляцыі, кругласуткавы прыём гасьцей, Wi-Fi у грамадзкіх памяшканьнях, зьмена пасьцельнай бялізны — раз на пяць дзён, ручнікоў — раз на тры дні, — патлумачыла яна. — У гатэлях катэгорыі „чатыры зоркі“ зьмена бялізны праводзіцца раз у два дні, а ручнікоў — штодня. У такіх гатэлях ва ўсіх нумарах і грамадзкіх памяшканьнях павінен быць кандыцыянэр».
Цяпер сэртыфікацыя гатэляў і аналягічных сродкаў разьмяшчэньня ў Беларусі зьяўляецца добраахвотнай. Сэртыфікат выдаюць на 5 гадоў, на працягу гэтага тэрміну праводзяць пэрыядычную ацэнку — па выніках яе катэгорыю могуць пакінуць або зьмяніць на ніжэйшую ці вышэйшую.
«Гатэль можа працаваць і без сэртыфікату, але калі ён жадае праінфармаваць спажыўцоў аб адпаведнасьці той ці іншай катэгорыі, дык павінен прайсьці працэдуру ацэнкі і атрымаць гэты дакумэнт», — падкрэсьліла Сьмірнова.ю
Інфармацыя пра сэртыфікаваныя гатэлі Беларусі можна знайсьці на сайце «Качество.бел».
Форум