Цёплае надвор’е ў Беларусі выклікала актыўнасьць кляшчоў. Паводле Міністэрства аховы здароўя Беларусі, першыя выпадкі «нападаў» на людзей і жывёлаў зафіксаваныя яшчэ ў сакавіку. На сёньня колькасьць тых, хто зьвярнуўся па дапамогу, перавысіла паўтары тысячы.
Вялікія праблемы ад маленькай казуркі
Як адзначыў загадчык аддзелу эпідэміялёгіі Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Ўладзімер Пашковіч, калі ў першы вясновы месяц мэдустановы зафіксавалі ўсяго два дзясяткі зваротаў, то за красавік — ужо 1500.
У Беларусі больш за 10 відаў кляшчоў, найбольшую небясьпеку ўяўляюць дзьве інфэкцыі — хвароба Лайма (Лайм-барэліёз) і клешчавы энцэфаліт. Штогод рэгіструецца прыкладна 1600 выпадкаў хваробы Лайма і каля 120-130 выпадкаў клешчавага энцэфаліту. Большая палова здарэньняў прыпадае на сельскую мясцовасьць.
Паводле Ўладзімера Пашковіча, рызыка «падчапіць» клешчавы энцэфаліт складае адзін на 350 укусаў, хваробу Лайма — адзін на 25. Клешчавы энцэфаліт перадаецца таксама праз малако, у першую чаргу казінае.
На сайце Міністэрства аховы здароўя прыводзяцца рэкамэндацыі, як пазьбегнуць атакі кляшчоў і што рабіць у выпадку ўкусу.
Арэол распаўсюджаньня кляшчоў пашыраецца
У кляшчоў некалькі пікаў актыўнасьці — раньняя вясна, сярэдзіна лета і пачатак восені. Адной зь першых прыкмет кантакту зьяўляюцца смыленьне скуры, боль у суставах, хваравіты стан нэрвовай сыстэмы і сэрца.
Найбольш вялікая верагоднасьць стаць яго ахвярай у лясах, паркавых зонах, на прысядзібных участках, лугах з высокай травой, аднак апошнім часам у «зону рызыкі» трапляюць і гарадзкія месцы адпачынку.
Ад моманту кантакту з інфікаваным кляшчом да першых сымптомаў Лайм-барэліёзу можа мінуць ад 3 да 30 дзён. Часам у месцы прысмоктваньня ў першыя гадзіны зьяўляюцца невялікія плямы, якія сьведчаць пра рэакцыю на кампанэнты сьліны кляшча. Першай жа прыкметай клешчавога барэліёзу будзе зьяўленьне плямы ў месцы прысмоктваньня, якая паступова павялічваецца ў дыямэтры.
Як правільна «выкруціць» шкодніка
У выпадку, калі клешч ужо прысмактаўся, яго можна выдаліць двума спосабамі.
- Баваўняную нітку завязаць у вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча і, закручваючы канцы кругавым рухам, плаўна падцягваць яго ўгору, каб не адарваць галоўку.
- Пінцэтам або адмысловай прыладай захапіць кляшча каля хабатка і акуратна выцягваць, круцячы вакол сваёй восі ў зручны бок. Пры гэтым нельга ціснуць на брушка, паколькі магчыма пападаньне ў ранку ўзбуджальніка.
- У выпадку, калі пры выдаленьні кляшча яго часткі засталіся ў ранцы, лепш зьвярнуцца ў паліклініку. Дзеля выдаленьня нельга выкарыстоўваць алей, тлусты крэм ці іншыя сродкі, бо гэта толькі правакуе дадатковы выкід інфэкцыйных узбуджальнікаў.
Як раяць мэдыкі, пасьля выдаленьня кляшча, калі прайшло ня больш за 72 гадзіны ад моманту прысмоктваньня, дарослым рэкамэндуецца аднаразовы прафіляктычны прыём доксыцыкліну — антыбіётык памяншае верагоднасьць разьвіцьця хваробы Лайма ў 12 разоў. Дзецям да 8 гадоў, цяжарным і кормячым жанчынам спосаб прафіляктыкі мусіць вызначаць лекар.
Цягам 30 дзён пажадана назіраць за месцам, адкуль быў выняты клешч, і ў выпадку зьяўленьня і павелічэньня ў памерах падазронай плямы зьвярнуцца да кваліфікаванага інфэкцыяніста.