Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом паведаміў пра адстаўку кіраўніцы Сакрэтнай службы ЗША


Кімбэрлі Чытл
Кімбэрлі Чытл

Дырэктарка Сакрэтнай службы ЗША (USSS) Кімбэрлі Чытл падала ў адстаўку, пасьля таго як фэдэральнае агенцтва трапіла пад пільную праверку з прычыны няздольнасьці перадухіліць замах на жыцьцё экс-прэзыдэнта Дональда Трампа, паведаміў 23 ліпеня Белы дом.

Reuters адзначае, што ведамства, у чые задачы ўваходзіць абарона дзейных і былых кіраўнікоў дзяржавы, не адказала адразу на запыт аб камэнтары.

Пытаньні да Сакрэтнай службы ўзьніклі пасьля раненьня Дональда Трампа на перадвыбарчым мітынгу пад адкрытым небам у Пэнсільваніі 13 ліпеня. Узброены злачынец стрэліў у палітыка з даху, адкуль былі відаць мерапрыемства і яго ўдзельнікі.

Кіраўніца Сакрэтнай службы ЗША Кімбэрлі Чытл сутыкнулася з крытыкай з боку абедзьвюх вядучых палітычных партыяў ЗША — Дэмакратычнай і Рэспубліканскай, калі 22 ліпеня паўстала перад камітэтам па наглядзе Палаты прадстаўнікоў. Яна адмовілася адказваць на пытаньні заканадаўцаў пра тое, якія захады бясьпекі рабіліся на мітынгу Трампа ў Пэнсыльваніі.

Некалькі заканадаўцаў заклікалі Чытл пайсьці ў адстаўку. Удзельнікі слуханьняў таксама паабяцалі «працягнуць нагляд за Сакрэтнай службай».

Кімбэрлі Чытл, сярод іншага, заявіла, што ўзяла на сябе адказнасьць за страляніну, назваўшы тое, што адбылося, найбуйнейшым правалам узначаленай ёю структуры з 1981 году, калі быў замах на тагачаснага прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана.

Дональд Трамп, які балятуецца на другі тэрмін і зацьверджаны днямі як кандыдат у прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі, у выніку замаху атрымаў лёгкае раненьне вуха. Пры гэтым адзін з удзельнікаў мітынгу ў Батлеры быў забіты, яшчэ двое іншых — параненыя. Злачынцу, якога апазналі як 20-гадовага мясцовага жыхара Томаса Крукса, застрэліў на месцы снайпэр Сакрэтнай службы. Матывы нападніка высьвятляюць.

Кімбэрлі Чытл узначальвала Сакрэтную службу ЗША з 2022 году. Пасьля страляніны на мітынгу з удзелам Трампа дзеяньні спэцагентаў расьсьледуюць некалькі камітэтаў Кангрэсу і наглядны орган Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, які абвясьціў у канцы мінулага тыдня пра свой выхад з прэзыдэнцкай гонкі, таксама заклікаў да незалежнага аналізу працы Сакрэтнай службы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG