Пра гэта паведамляе Сьледчы камітэт.
36-гадоваму Матольку інкрымінавалі 14 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх «здрада дзяржаве».
Кваліфікацыя — наступныя артыкулы Крымінальнага кодэксу:
- ч.1 арт. 357 (Змова або іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады);
- ч.1 арт. 293 (Масавыя беспарадкі);
- ч.1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх);
- ч.3 арт.130 (Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады);
- ч.3 арт. 361 (Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), іншых дзеяньняў, накіраваных на ўчыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь);
- ч.2 арт. 366 (Гвалт або пагроза ў дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак);
- ч.2 арт. 367 (Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- ч.ч.1 і 2 арт. 368 (Абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь);
- арт. 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь);
- ч.ч.1 і 2 арт. 361-1 (Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім);
- ч.2 арт. 361-2 (Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці);
- ч.2 арт. 361-4 (Спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці);
- ч.1 арт. 356 (Здрада дзяржаве).
Матольку запрашаюць вярнуцца ў Беларусь і прыйсьці ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту Горадзенскай вобласьці.
- Праз завочныя суды ў Беларусі з 2022 году прайшлі ўжо дзясяткі чалавек. Часта яны атрымлівалі вялікія тэрміны.
- У 2022 годзе ўлады Беларусі зьмянілі заканадаўства. Хоць у артыкуле 115 Канстытуцыі засталіся словы аб правасудзьдзі на падставе спаборнасьці і роўнасьці бакоў, на справе сытуацыя выглядае па-рознаму. Гаворка ідзе пра завочныя суды над тымі грамадзянамі Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. Першыя завочныя выракі былі вынесеныя на пераломе 2022/2023 гадоў. Фігуранты такіх спраў атрымалі па 12 гадоў калёніі. Гаворка ішла пра на той момант прадстаўнікоў Фонду спартовай салідарнасьці Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна і фігурантаў крымінальнай справы супраць адміністратараў «Чорнай кнігі Беларусі».
- Судзілі завочна таксама вядомых апазыцыянэраў. Такіх, як Сьвятлана Ціханоўская (15 гадоў) і Павал Латушка (18 гадоў). Па 25 гадоў атрымалі былы рэстаратар Вадзім Пракоп’еў і адзін з арганізатараў ByPol Аляксандар Азараў.
- 1 ліпеня Генэральная пракуратура паведаміла пра вынясеньне прысуду адносна 20 удзельнікаў так званага «экстрэмісцкага фармаваньня „Аналітыкі Сьвятланы Ціханоўскай“». Разгляд справы ў рамках так званага спэцыяльнага вядзеньня адбываўся з 31 траўня 2024 году ў Менскім абласным судзе.
У сьпісе беларускія палітолягі, журналісты, аналітыкі, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, у тым ліку тыя, якія ня маюць адносін да Сьвятланы Ціханоўскай. Сярод іх Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандар Дабравольскі, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандар Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётра Рудкоўскі, Алеся Руднік, Натальля Рабава, Павал Вусаў, Тацяна Чуліцкая, Аляксандар Шлык, Кацярына Шмаціна і журналіст Беларускай службы Радыё Свабода Юры Дракахруст.
Форум