Сярод такіх людзей ужо значацца былы кінарэжысэр Руслан Зголіч, якога бачылі на пратэстах 2020 году, грамадзянін Латвіі Дзьмітрый Сіўко, які жыў у Беларусі і крытычна выказваўся ў адрас чыноўнікаў, жыхар Івейскага раёну Іван Мікша, які зрываў з будынкаў дзяржаўныя сьцягі, і іншыя асобы.
Цяпер, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» ў сьпісе такіх людзей аказалася мастачка і рамесьніца з Полацку Нэлі Алфёрава. Праваабаронцы даведаліся, што над Нэлі Алфёравай адбыўся закрыты суд як над асобай, якая «ўчыніла грамадзка небясьпечнае дзеяньне», пасьля чаго КДБ унёс жанчыну ў сьпіс экстрэмістаў.
Па зьвестках «Вясны» суд пастанавіў адправіць мастачку на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычную лякарню.
Што вядома пра Нэлі Алфёраву
Жанчыне 38 гадоў, яна выхоўвае непаўналетняга сына-інваліда. Нэлі Алфёрава называла сябе ня толькі мастачкай і рамесьніцай, але і дзіцячай пісьменьніцай. На жыцьцё жанчына зарабляла продажам карцін і сувэніраў, якія сама вырабляла.
Праваабаронцы знайшлі шмат зьвестак пра Нэлі Алфёраву, якія сьведчаць пра яе грамадзкую актыўнасьць. У прыватнасьці, у 2019 годзе жанчына брала ўдзел у выбарах у Палату прадстаўнікоў, балятавалася па 27-й Полацкай выбарчай акрузе, але дэпутаткай ня стала.
У 2020 годзе Нэлі Алфёрава была назіральніцай на прэзыдэнцкіх выбарах. Вядома, што ў той год, у лістападзе, жанчыну затрымлівалі, а празь месяц адміністрацыйны суд штрафаваў яе за «непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі» і «зьнявагу службовай асобы». Амаль яшчэ праз год, у кастрычніку 2021-га, Нэлі Алфёрава зноў аштрафавалі — за распаўсюд прадукцыі зь сьпісу экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У канцы 2021 году Нэлі Алфёрава выехала зь Беларусі. Жанчына разам з сынам-інвалідам жыла ў Польшчы, дзе доўгі час шукала працу і жыльлё, зьведала шмат цяжкасьцяў. Пра свае праблемы мастачка шчыра расказвла ва ўласных відэароліках, не хавала праблемаў і ў інтэрвію для Беларускай тэлевізіі.
Вядома, што вядоўца беларускага тэлеканалу «Звязда» прапанавала ёй вярнуцца ў Беларусь, і неўзабаве жанчына сапраўды прыехала з Польшчы ў родны Полацак.
Аднак і па вяртаньні ў Беларусь Нэлі Алфёрава не спыніла грамадзкай актыўнасьці. У прыватнасьці, жанчына працягвала крытычныя выказваньні ў сацсетках, у тым ліку пра мясцовых прадстаўнікоў уладаў, цытавала на сваіх старонках крыніцы, прызнаныя экстрэмісцкімі. Паводле праваабаронцаў «Вясны», на старонках мастачкі таксама пачалі зьяўляецца допісы пра тое, што яе перасьледуюць, а ў кватэры яна знаходзіць схаваныя відэакамэры.
Апошнія паведамленьні ў сацыяльных сетках жанчына зрабіла ў лютым 2024 году. Праваабаронцы мяркуюць, што пасьля гэтага жанчыну затрымалі і прыцягнулі да суду. Але паводле якога дакладна артыкулу судзілі мастачку, праваабаронцы яшчэ высьвятляюць. Невядома таксама, з кім застаўся непаўналетні сын Нэлі Алфёравай, які мае інваліднасьць.
Форум