Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 5 чалавек, накіраваных на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. Што пра іх вядома?


Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя у пасёлку Навінкі Менскага раёна. Архіўнае фота
Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя у пасёлку Навінкі Менскага раёна. Архіўнае фота

Праваабарончая супольнасьць Беларусі запатрабавала адмяніць прысуды, вынесеныя Руслану Зголічу, Дзьмітрыю Сіўко, Аляксандру Цюпу, Івану Мікшу і Аляксандру Сырыцы, а таксама спыніць крымінальны перасьлед гэтых грамадзянаў.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, іх прызналі вінаватымі паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу (паклёп, абраза гонару і годнасьці прадстаўнікоў улады) і адправілі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычныя лякарні з парушэньнем міжнародна прынятых нормаў.

Праваабаронцы прызналі Руслана Зголіча, Дзьмітрыя Сіўко, Аляксандра Цюпу, Івана Мікшу і Аляксандра Сырыцу палітвязьнямі.

Што вядома пра гэтых людзей?

Руслану Зголічу 57 гадоў, ён былы кінарэжысэр. На пачатку 2010-х гадоў працаваў на «Беларусьфільме», зьняў там поўнамэтражны фільм «Госьці», у якім адну з роляў выконвала вядомая беларуская актрыса і тэлевядоўца Элеанора Язерская. Аднак на экраны фільм ня выйшаў. Пасьля публічнай крытыкі на адрас афіцыйных асобаў Руслана Зголіча адхілілі ад абавязкаў рэжысэра фільму, а пазьней завялі супраць яго крымінальную справу па абвінавачаньні ў крадзяжы зьнятых стужак.

Больш за год Руслан Зголіч прабыў у зьняволеньні, лячыўся ў псыхіятрычным шпіталі ў Навінках пад Менскам, суд пазбавіў яго дзеяздольнасьці. Падчас пратэстаў 2020 году Руслана Зголіча часта бачылі на вуліцах Менску, але потым ён зьнік з поля зроку. Былога кінарэжысэра асудзілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — за абразу Лукашэнкі і абразу прадстаўніка ўлады, акалічнасьці гэтай справы невядомыя. Паводле праваабаронцаў «Вясны», суд над Русланам Зголічам быў закрыты, былога рэжысэра ў выніку накіравалі на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь.

Але дзе праходзіць прымусовае лячэньне Руслан Зголіч, невядома.

Таксама на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь пасьля суду ў 2022 годзе быў адпраўлены Дзьмітры Сіўко. Паводле праваабаронцаў «Вясны», Сіўко — грамадзянін Латвіі, яму 46 гадоў. Сіўко судзілі па 369 артыкуле Крымінальнага кодэксу — «Абраза прадстаўніка ўлады». Максымальнае пакараньне за гэтае злачынства — да 3 гадоў зьняволеньня. У якім шпіталі цяпер трымаюць Дзьмітрыя Сіўко, зьвестак няма.

Па 369-м артыкуле КК таксама прыцягнулі да адказнасьці Аляксандра Цюпу і Аляксандра Сырыцу. Вядома, што Цюпа мае 52 гады, ягоную справу ў 2021 годзе разглядаў Берасьцейскі абласны суд і пастанавіў адправіць абвінавачанага на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычным стацыянары са звычайным назіраньнем.

Аналягічнае рашэньне прыняў суд Баранавіцкага раёну і г. Баранавічы адносна жыхара Баранавіч Аляксандра Сырыцы, якому ў ліпені споўніцца 39 гадоў.

Яшчэ аднаго беларускага палітвязьня, якога суд накіраваў на прымусовае псыхіятрычнае лячэньне, завуць Іван Мікша. Паводле зьвестак «Вясны», Івану Мікшу 24 гады, ён пражываў у Івейскім раёне. З матэрыялаў суду над Мікшам вынікала, што ўвечары 26 сакавіка 2021 году Мікша сарваў дзяржаўны сьцяг з фасадаў установы культуры «Івейскі цэнтар культуры і вольнага часу» і ўстановы «Рэдакцыя газеты „Іўеўскі край“». Івана Мікшу суд таксама прысудзіў да прымусовага лячэньня з ізаляцыяй у псыхіятрычным стацыянары.

Людзі з псыхічнымі разладамі маюць роўныя правы зь іншымі

Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка так патлумачыў Свабодзе, чаму было прынятае рашэньне аб прызнаньні Руслана Зголіча, Дзьмітрыя Сіўко, Аляксандра Цюпы, Івана Мікшы і Аляксандра Сырыцы палітвязьнямі:

«Людзі з псыхічнымі разладамі маюць права на выказваньне свайго меркаваньня роўна гэтак жа, як іншыя грамадзяне. Гэтае права можа быць абмежавана строга ў адпаведнасьці з правіламі часткі 3 артыкула 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ўхваліла і Беларусь, на падставе закону, у законных мэтах, прапарцыйна і толькі ў той ступені, якая неабходная для абароны правоў іншых асобаў.

Выказваньні адносна службовых асобаў, нават калі яны мелі прыкметы дыфамацыі, гэта значыць разгалошваньне зьвестак, якія ганьбяць, паклёпнічаюць ці зьневажаюць, ня могуць карацца пазбаўленьнем волі», — спаслаўся на Пакт Павал Сапелка.

Паводле Сапелкі, у праваабаронцаў «Вясны» няма сумневу, што накіраваньне гэтых людзей на прымусовае лячэньне носіць характар пакараньня.

«Такія злачынствы не нясуць прамой пагрозы жыцьцю і здароўю навакольных людзей, між тым як менавіта пагроза для сябе і навакольных зьяўляецца падставай да прымусовай шпіталізацыі людзей з псыхічнымі разладамі», — мяркуе праваабаронца Павал Сапелка.

Беларускія «псыхушкі»

Усяго ў Беларусі больш за 20 стацыянарных установаў, дзе лечаць псыхічна хворых людзей. Найбуйнейшы з стацыянараў — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтар псыхічнага здароўя, што ў пасёлку Навінкі на ўскраіне Менску. Паводле ацэнкі назіральнікаў, у цэнтры лекуюць больш за тысячу чалавек. У «Навінках» таксама праводзяць псыхіятрычную экспэртызу абвінавачаных і ўжо асуджаных грамадзян.

Сярод іх ёсьць і тыя, каго праваабаронцы прызналі палітвязьнямі. Вядома, што на псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу ў «Навінкі» накіравалі палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк, якой пагражае новы турэмны тэрмін.

Таксама псыхіятрычныя шпіталі дзейнічаюць ва ўсіх абласных цэнтрах і ў такіх гарадах, як Полацак, Мазыр, Рэчыца, Пінск, Баранавічы ды іншых. У рэспубліканскім псыхіятрычным шпіталі «Гайцюнішкі» ў Воранаўскім раёне Горадзенскай вобласьці ўтрымліваюць псыхічна хворых людзей, прызнаных вінаватымі ў цяжкіх злачынствах. У 2019 годзе Руслан Зголіч казаў журналістам, што яму даводзілася лячыцца ў «Гайцюнішках».

Беларускія праваабаронцы неаднаразова выказвалі пратэст супраць выкарыстаньня ў Беларусі псыхіятрыі як сродку перасьледу іншадумцаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG