Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 ліпеня: 6 гадоў калёніі за данаты палку Каліноўскага


Сілавікі ў Менскім гарадзкім судзе. Архіўнае фота
Сілавікі ў Менскім гарадзкім судзе. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд справы былой супрацоўніцы УУС Менскага аблвыканкаму, галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Менгарвыканкаму, кансультанта суду Заводзкага раёну Менску Людмілы Дэйнекі.

Яе абвінавачваюць паводле трох артыкулаў КК: ч. 1 арт. 368 («Абраза прэзыдэнта»), ч. 3 арт. 361 («Заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы»), ч. 1 арт. 130 («Распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або звады»).

Працэс узначальвае судзьдзя Вера Галаўкова.

ГУБАЗіК затрымаў адміністратара «Чату Бурдейного»

На відэа сілавікоў затрыманы кажа, што зьяўляецца дырэктарам прыватнага прадпрыемства і ў 2020-м годзе наведваў акцыі пратэсту. Таксама ён быў адміністратарам раённага чату «Чат Бурдейного».

Праваабаронцы адзначаюць, што на гэты момант у чаце зьмянілі аватарку, а ад імя адміністратара там публікуюцца прапагандысцкія навіны.

Палітвязьня Сяргея Дзецука асудзілі яшчэ на год зьняволеньня

У судзе Барысаўскага раёну 20 чэрвеня распачаўся суд над Сяргеем Дзецуком. Празь месяц судзьдзя Людміла Зінкевіч прызнала палітвязьня вінаватым паводле арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі калёніі) і прызначыла яму яшчэ адзін год зьняволеньня.

Пры гэтым Сяргей меўся выйсьці на волю па заканчэньні тэрміну яшчэ ў сакавіку 2024 году. Але адразу па выхадзе яго затрымалі ў межах новай крымінальнай справы.

У Менску бацькоў траіх дзяцей будуць судзіць за пратэсты

У Менску за ўдзел у пратэстах 2020 году будуць судзіць сямейную пару, бацькоў трох дзяцей Канстанціна і Валерыю Кавалеўскіх, піша «Люстэрка».

Кавалеўскім выставілі абвінавачаньне ў грубым парушэньні парадку (артыкул 342 КК). Справу сужэнцаў суд Цэнтральнага раёну Менску пачне разглядаць 24 чэрвеня.

Канстанцін і Вераніка Кавалеўскія жылі ў Менску, ім каля 35 гадоў. Пара выхоўвае траіх дзяцей — сына і дзьвюх дачок.

Вераніка, мяркуючы па профілі ў сацсетцы, атрымлівала вышэйшую адукацыю ў віленскім ЭГУ.

Пра затрыманьне Кавалеўскага стала вядома 24 чэрвеня 2024 году. Блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал апублікаваў відэа з двума мужчынамі. На відэа яны казалі, што бралі ўдзел у мітынгах 2020 году. Адным зь іх быў Канстанцін Кавалеўскі. Веранікі на відэа не было, напэўна, яе затрымалі пазьней.

Другім чалавекам зь відэа быў мянчук Арцём Чоп — мэдык па адукацыі. Яму таксама прадʼявілі абвінавачаньне па артыкуле 342 КК, але ў межах асобнай крымінальнай справы. Працэс над Арцёмам пачаўся ў тым жа судзе Цэнтральнага раёну ў панядзелак, 22 ліпеня.

Ілюстратарку зь Берасьця асудзілі на 6 гадоў калёніі за данаты, у тым ліку палку Каліноўскага

У Берасьцейскім абласным судзе 17 ліпеня вынесьлі прысуд 38-гадовай ілюстратарцы Натальлі Левай. За данаты судзьдзя Мікалай Сянько прызначыў жанчыне 6 гадоў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Акрамя гэтага, яе аштрафавалі на 1000 базавых велічыняў (40 тысяч рублёў) — амаль на такую суму, якую Натальля заданаціла ў ініцыятывы і фонды. Менавіта такога пакараньня запрасіла на судзе дзяржаўнае абвінавачваньне. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Згодна з вэрсіяй абвінавачваньня, якую агучыла прэс-служба Генэральнай пракуратуры, Натальля ў 2021–2022 гадах перавяла на банкаўскія рахункі і віртуальныя кашалькі, «якія знаходзіліся ў карыстаньні прадстаўнікоў экстрэмісцкіх фармаваньняў, у тым ліку ўзброеных, напрыклад „Полк Каліноўскага“», грашовыя сродкі і крыптавалюту ў агульнай суме ня менш за чатыры тысячы і чатырыста рублёў (на сёньня гэта каля 1275 эўра).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG