Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 ліпеня: за антываеннае тату затрымалі беларуску, на якую данесьлі госьці «Славянскага базару»


Супрацоўнікі АМАП Беларусі (ілюстратыўнае фота)
Супрацоўнікі АМАП Беларусі (ілюстратыўнае фота)

У Беларусі штодня адбываюцца затрыманьні і арышты, зьвязаныя з пратэставымі настроямі і выказваньнямі.

Затрымалі за тату-надпіс

Пра затрыманьне паведамляюць праўладныя тэлеграм-каналы. На руцэ ў дзяўчыны быў татуаваны надпіс «Х** войне» — сілавікі назвалі гэта «лёзунгам з экстрэмісцкіх рэсурсаў», на яе данесьлі госьці «Славянскага базару», піша «Вясна».

Асудзілі за ўдзел у пратэсьце

15 ліпеня вынесьлі прысуд Яўгену Раманаву з Добрушу. Яго асудзілі на 1,5 года пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Як піша «Вясна», судовае пасяджэньне адбылося ў будынку аддзелу ўнутраных спраў Добрускага раённага выканаўчага камітэту.

Справу разглядала Сьвятлана Лук’янава. Яна прызнала Яўгена вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу.

Затрымалі за данат

Старшага спэцыяліста ў тэставаньні менскай IT-кампаніі затрымалі і абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарнай акцыі пратэсту, падпісках на «экстрэмісцкія» рэсурсы, а таксама ў данаце ў памеры 15 даляраў фонду BySol.

Як піша «Вясна», за гэта затрыманага прымусілі «добраахвотна» пералічыць нейкую суму грошай адной з мэдыцынскіх установаў.

За ўдзел у акцыях пратэсту і камэнтары затрымалі эканаміста

На «пакаяльным відэа» затрыманы кажа, што ўдзельнічаў у пасьлявыбарчых акцыях пратэсту, быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, дзе пакідаў нэгатыўныя камэнтары пра сілавікоў, паведамляе «Вясна». Таксама, паводле праваабаронцаў, затрыманы мужчына паведаміў, што нібыта даслаў «Чорнай кнізе Беларусі» інфармацыю пра пракурорскага работніка, зь якім гуляў у більярд.

Брата загінулага ва Ўкраіне «вагнэраўца» асудзілі за «паклёп на Лукашэнку»

15 ліпеня ў Сьветлагорску разглядалі крымінальную справу супраць Дзьмітрыя Суўханава. Яму інкрымінавалі ч. 2 арт. 367 КК («паклёп на Лукашэнку»). Справу прызначылі весьці судзьдзю Крысьціну Касьянаву, піша «Гомельская Вясна».

Вынік судовага паседжаньня праваабаронцам пакуль не вядомы.

Дзьмітры — родны брат Марата Суўханава, які летась у лютым загінуў ва Ўкраіне ў складзе расейскіх войскаў. Раней яго асудзілі ў Расеі паводле «наркатычнага» артыкула, а ў месцы зьняволеньня завэрбавалі ў прыватную вайсковую кампанію «Вагнэр».

У чэрвені тая ж самая судзьдзя Касьянава вяла адміністрацыйны працэс у дачыненьні да Дзьмітрыя за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG