Краўцова го падтрымала 68% дэлегатаў Рады, якія бралі ўдзел у галасаваньні.
Па выніках выбараў сёлета ў траўні Краўцоў стаў дэлегатам Каардынацыйнай рады трэцяга складу ад блёку «Моладзевы наступ» (усяго блёк атрымаў 15 месцаў). Згодна з зацьверджаным у ліпені статутам Рады, дэлегат, абраны кіраўніком сакратарыяту, на час выкананьня адпаведных функцый складае свой мандат.
Сакратарыят Каардынацыйнай рады зьяўляецца «падразьдзяленьнем, якое ажыцьцяўляе арганізацыйна-тэхнічнае і фінансавае забесьпячэньне дзейнасьці Каардынацыйнай рады і ўсіх яе структур». Ён арганізуе правядзеньне агульных пасяджэньняў Рады, галасаваньняў, нарадаў фракцый, камісій, працоўных груп, інфармуе грамадзкасьць пра дзейнасьць структур Рады.
Краўцоў выконвае функцыі сакратара ад моманту зьяўленьня Каардынацыйнай рады ў жніўні 2020 году. Да таго ён быў у камандзе прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта, экс-банкіра Віктара Бабарыкі, працаваў у ААТ «Менскі гадзіньнікавы завод».
11 ліпеня стала вядома, што сьпікерам Каардынацыйнай рады абраная прадстаўніца кааліцыі «Каманда Латушка і Рух «За Свабоду» Анжаліка Мельнікава, віцэ-сьпікерам — член блёку «Эўрапейскі выбар» Станіслава Гліньнік.
- 16 траўня Менскі гарадзкі суд завочна асудзіў Краўцова да 11 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 арт. 357 (змова, або іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), ч. 1 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім); ч. 3 арт. 130 (распальваньне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці або варажнечы), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (дапамога ў зьдзяйсьненьні наўмысных дзеяньняў, скіраваных на ўзбуджэньне іншай сацыяльнай варожасьці і варажнечы паводле прыкметы іншай сацыяльнай прыналежнасьці, зьдзейсьненых групай асоб, якія пацягнулі іншыя цяжкія наступствы) Крымінальнага кодэксу РБ.
Што такое Каардынацыйная рада
- Каардынацыйная рада створаная ў Менску ўлетку 2020 году. Арганізацыя паставіла сабе за мэты «пераадоленьне палітычнага крызісу ў Беларусі» і «абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці краіны».
- Частка кіраўнікоў і заснавальнікаў КР, як Марыя Калесьнікава, Максім Знак і іншыя, апынуліся за кратамі. Частка арганізатараў і ўдзельнікаў выехалі за мяжу, некаторыя спынілі палітычную дзейнасьць.
- 9 жніўня 2022 году адбылася рэарганізацыя Рады. Асноўнай яе задачай стала распрацоўка «праграмных і стратэгічных дакумэнтаў, арганізацыя абмеркаваньня грамадзка значных пытаньняў, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама падрыхтоўка і абмеркаваньне канцэпцыяў разьвіцьця Беларусі»
- На пачатку лютага 2023 году апублікаваны склад «рэфармаванай» Каардынацыйнай рады. Сярод іншага, да яе далучыліся грамадзкая дзяячка Сьвятлана Мацкевіч, бізнэсовец Аляксандар Кныровіч, лідэрка ініцыятывы «Честные люди» Алена Жываглод, прадстаўнікі Офісу адукацыі для «новай Беларусі», Free Belarus Center, ZUBR, BEROC, «Задзіночаньня беларускіх студэнтаў» і іншых арганізацыяў.
- ІІ скліканьне гэтай палітычнай структуры (9 лютага 2023) складаецца з 25 чальцоў асноўнага складу КР І скліканьня (19 жніўня 2020), 15 самавылучэнцаў, а таксама 75 дэлегатаў ад арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных сілаў (па 15 ад пяці тэматычных сэктараў — «палітычныя арганізацыі», «правы чалавека, моладзь і экалёгія», «адукацыя, культура і мэдыя», «мясцовыя супольнасьці, прафсаюзы і бізнэс», «дыяспары»).
- Тэрмін паўнамоцтваў ІІ скліканьня Рады — адзін год з дня правядзеньня першага ўстаноўчага сходу (8 лютага 2023 году) пасьля фармаваньня поўнага складу.
- Дэлегатаў трэцяга і наступных скліканьняў будуць выбіраць грамадзяне Беларусі «на аснове ўсеагульнага, прамога, роўнага і тайнага галасаваньня». У склад Рады трэцяга скліканьня будзе абрана 80 дэлегатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 2 гады. Тэхнічна забясьпечваць працэс галасаваньня мае каманда ІТ-плятформы «Новая Беларусь».
- Улады Беларусі прызналі КР «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- 28 лістапада 2023 у Беларусі прайшлі ператрусы ў сяброў арганізацыі і людзей, якіх сілавікі падазраюць у датычнасьці да КР. Старшыня КР Андрэй Ягораў заявіў, што дзеяньні рэжыму яскрава дэманструюць важнасьць для беларусаў маючых адбыцца выбараў у Раду.
- З 25 па 27 траўня адбыліся выбары ў ІІІ скліканьне Каардынацыйнай рады. Яны праходзілі онлайн з дапамогай праграмы шыфраваньня зьвестак.
- Напярэдадні выбараў за рассылку падпісантам чат-боту «Перамога» з гонкі зьнялі сьпіс «Закон правапарадак» на чале з Аляксандрам Азаравым. Скандал пачаўся ня толькі праз падобны сродак агітацыі, але і праз тое, што апавяшэньні прыходзілі людзям, якія даўно заблякавалі або выдалілі бот, што магло падставіць людзей, якія жывуць у Беларусі.
- У сьпісе Розы Турарбекавай «Наша справа» ў апошні момант адбыліся вымушаныя зьмены. Пасьля зьняцьця са сьпісу дзьвюх жанчын кіраўніца аб'яднаньня мусіла выкрэсьліць са сьпісу і двух паплечнікаў-мужчын, каб адпавядаць гендарным квотам, уведзеным на выбары. Сам сьпіс раскрытыкаваў факт гендарных квотаў.
Форум