Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Польшчы стварылі пэтыцыю да прэзыдэнта Дуды з просьбай адмяніць для іх апастылі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На сайце Openpetition зьявілася пэтыцыя да прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды, у якой беларусы просяць адмяніць працэдуру абавязковага апастыляваньня дакумэнтаў аб адукацыі пры пацьверджаньні беларускіх дыплёмаў і атэстатаў у Польшчы.

Многія беларусы, якія ўцяклі з радзімы ад палітычнага перасьледу, проста ня могуць зрабіць апастыль сваіх атэстатаў ці дыплёмаў з прычыны высокай рызыкі перасьледу пры вяртаньні ў Беларусь.

У сувязі з гэтым, аўтары пэтыцыі просяць распаўсюдзіць і на беларусаў дзеяньне папраўкі ад 15 траўня 2024 году закона аб дапамозе грамадзянам Украіны ў частцы спрашчэньня працэдуры пацьверджаньня дакумэнтаў аб адукацыі, а канкрэтна адмяніць абавязковае патрабаваньне апастыляваньня дакумэнтаў.

На момант публікацыі пэтыцыя набрала больш за 200 подпісаў.

У Аб’яднаным пераходным кабінэце пацьвердзілі існаваньне праблемы.

«Я вельмі добра разумею, колькі нязручнасьцяў выклікае немагчымасьць атрымаць апастыль на дакумэнты. І пры гэтым тут, у Польшчы, на месцах працягваюць яго патрабаваць», — адзначыла прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык.

Раней у Дэпартамэнце міжнароднага супрацоўніцтва Мінадукацыі Польшчы раней Аліне Коўшык адказалі, што атэстаты і іншыя дакумэнты, якія пацьвярджаюць сярэднюю адукацыю і права на паступленьне ў ВНУ, прызнаюць у Польшчы на падставе адміністрацыйнага рашэньня, і з 1 ліпеня 2024 году ўступіла ў сілу папраўка да палажэньняў Закону аб сыстэме адукацыі, якая дае магчымасьць ажыцьцяўляць адміністрацыйную вытворчасьць таксама ў дачыненьні да асобаў зь Беларусі, «якія сутыкаюцца зь цяжкаўхільнымі перашкодамі пры прадстаўленьні арыгінала або дубліката атэстату або іншага дакумэнта, а таксама пры запэўненьні гэтага атэстату ці іншага дакумэнта».

Паводле ведамства, разгляд спраў ажыцьцяўляе паўнамоцны супэрінтэндант у пытаньнях адукацыі (kurator oświaty), для пацьвярджэньня адукацыі ці права на працяг адукацыі неабходна зьвярнуцца ва ўпраўленьне адукацыі (kuratorium oświaty) па месцы жыхарства.

«Мы нястомна працуем на тым, каб праблема вырашалася ў адміністрацыйным парадку. І мы вельмі разьлічваем на разважнасьць, кампэтэнтнасьць і салідарнасьць куратараў асьветы, адказных за разгляд спраў у мясцовых упраўленьнях адукацыі.

Мы давалі польскім спэцыялістам кансультацыі, каб стварыць для іх больш сыстэмнае ўяўленьне пра беларускую сыстэму адукацыі і даць ім падставы прымаць дакумэнты без апастыляў», — дадала Аліна Коўшык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG