У праекце «Сьведкі Лукашэнкі» доктар Дзьмітры Шчыгельскі расказаў пра тое, што падштурхнула яго пачаць вывучаць псыхалягічны партрэт Аляксандра Лукашэнкі яшчэ ў 1994 годзе.
Публікуем урывак з інтэрвію Шчыгельскага.
— 1994 год. Я прыходжу на заняткі, якія праводзіць дацэнт з катэдры псыхіятрыі. Ён кажа нам, студэнтам: «А цяпер скажыце, які стан псыхічнага здароўя кандыдатаў у прэзыдэнты?» І потым: «Давайце разьбярэм Лукашэнку». І пачынае пісаць на дошцы — тое і тое, высновы, паводзіны, эмацыйныя патэрны.
«...Таму я цалкам упэўнены, што ён псыхапат, — заяўляе прафэсар і працягвае: — І гэта менавіта той тып, які падобны на Гітлера. Таму я буду за яго галасаваць і вас усіх заклікаю, бо ён урэшце навядзе парадак».
— Што зь ім далей стала? Якая была ягоная кар’ера?
— Ня ведаю пра ўсю кар’еру, але тады ён быў у выбарчай камандзе Лукашэнкі, разносіў ягоныя агітацыйныя матэрыялы.
Яшчэ я памятаю, што далей у нас зь ім адбылася дыскусія. Я кажу: «Ну ты ж разумееш, што пры Гітлеры былі канцлягеры, што было з габрэямі, цыганамі, што было з псыхічна хворымі, якіх нацысты зьнішчылі ў першую чаргу?» На што ён мне адказваў: «Няхай бамжы сядзяць у лягерах, трэба навесьці парадак». То бок чалавек сьвядома казаў: Лукашэнка ўсталюе дыктатуру, затое будзе парадак. З гэтага канспэкту і пачалося маё вывучэньне «гісторыі хваробы».
Цалкам інтэрвію зь Дзьмітрыем Шчыгельскім у праекце «Сьведкі Лукашэнкі» глядзіце тут:
«Сьведкі Лукашэнкі»
«Сьведкі Лукашэнкі» – сэрыя відэаінтэрвію зь людзьмі, якія паспрабуюць ацаніць тое, што і чаму адбылося ў Беларусі ў 1994 годзе і як зьмянілася беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў.
Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту першых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. Чаму тагачаснае беларускае грамадзтва выбрала Аляксандра Лукашэнку, ці магло ўсё скласьціся па-іншаму або менавіта такі вынік быў тады наканаваным? Які шлях прайшло беларускае грамадзтва за гэтыя 30 гадоў, ці вывучыла яно ўрокі гісторыі?
Гэтыя ды іншыя тэмы Віталь Цыганкоў абмяркоўвае з гасьцямі Свабоды ў праекце «Сьведкі Лукашэнкі».
Форум