Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці былога палітвязьня судзілі праз Viber — праваабаронцы кажуць, што такога даўно не было


Суд у Барысаве. Ілюстрацыйнае фота
Суд у Барысаве. Ілюстрацыйнае фота

Суд Барысаўскага раёну 9 лютага разгледзеў адміністрацыйную справу Аксаны Хіневіч, маці былога палітвязьня Анатоля Хіневіча.

Аксану Хіневіч затрымалі 23 студзеня падчас масавага рэйду сілавікоў па людзях, якія маглі атрымліваць дапамогу праз ініцыятыву INeeedHelpBy. У хуткім часе Аксана Хіневіч перабралася ў Вільню да сына, але барысаўскі суд гэта не спыніла.

Працэс над Аксанай Хіневіч праходзіў праз сродкі відэасувязі ў мэсэнджары Viber. «Гэта першы вядомы праваабаронцам выпадак такога онлайн-працэсу за апошні час», паведамляе «Вясна». Жанчыну абвінавацілі ў атрыманьні «замежнай дапамогі» ад ініцыятывы INeedHelpBy.

Судзьдзя Сьвятлана Баранава прызнала яе вінаватай паводле артыкула 24.15 КаАП «Выкарыстаньне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыцьцяўленьня тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасьці» і прызначыла штраф у 20 базавых велічынь (400 рублёў) з патрабаваньнем кампэнсацыі «замежных» аплат у E-дастаўцы (2854 рублі і 45 капеек).

Аксана Хіневіч не прызнала сваёй віны. Яна пацьвердзіла, што атрымлівала дапамогу для палітзьняволенага сына, якія на той момант знаходзіўся ў калёніі, але не ад арганізацый, а ад прыватных асобаў, знаёмых сына, а таксама ад неабыякавых людзей.

Пасьля абвяшчэньня рашэньня сакратарка суду сказала, што рэквізыты для аплаты Аксане дашлюць праз Viber.

  • Анатоль Хіневіч — былы палітвязень, праграміст і бард з Барысава. У кастрычніку 2020 году быў затрыманы па артыкуле 363 КК «Супраціў супрацоўніку міліцыі». Быў асуджаны на 2 гады і 6 месяцаў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. На волю выйшаў у лютым 2023 году. Цяпер жыве ў Вільні.
  • Паводле «Вясны», па стане на 12 лютага пад перасьлед ад рэйду сілавікоў трапілі сама меней 232 чалавекі, абсалютная большасьць — жанчыны. Шмат хто ўжо на волі з падпіскай аб нявыезьдзе і неразгалошваньні, але некаторыя дагэтуль застаюцца за кратамі ў межах крымінальных справаў. Паводле зьвестак праваабаронцаў, супраць мінімум 24 чалавек распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) і арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG