Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо 19 чалавек загінулі падчас пратэстаў у Банглядэш з прычыны квотаў на працоўныя месцы. ФОТА


Студэнты на пратэстах у Банглядэшы, 18 ліпеня 2024 году
Студэнты на пратэстах у Банглядэшы, 18 ліпеня 2024 году

18 ліпеня сама меней 13 чалавек загінулі ў выніку сутыкненьняў тысяч студэнтаў, узброеных палкамі і камянямі, з узброенай паліцыяй у Дацы (сталіца Банглядэшу) падчас пратэстаў супраць палітыкі, якая ўстанаўлівае квоты на разьмеркаваньне дзяржаўных пасадаў, паведамляе Reuters.

Улады Банглядэшу адключылі некаторыя паслугі мабільнага інтэрнэту ў краіне, каб паспрабаваць здушыць беспарадкі, у выніку якіх на гэтым тыдні загінулі сама меней 19 чалавек.

Сярод загінулых 18 ліпеня — кіроўца аўтобуса, якога даставілі ў шпіталь з кулявым раненьнем у грудзі, рыкша і трое студэнтаў, паведамілі Reuters чыноўнікі.

Па словах відавочцаў, сотні людзей атрымалі раненьні. Паліцыя ўжывала сьлёзацечны газ і гумовыя кулі, каб разагнаць групы пратэстоўцаў, якія падпальвалі аўтамабілі, паліцэйскія пасты і іншыя ўстановы.

Падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня
Падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня

Агульнанацыянальныя пратэсты, самыя маштабныя з пачатку 2024 году, калі была пераабраная прэм’ер-міністарка Шэйх Хасіна, падаграваюцца высокім узроўнем беспрацоўя сярод моладзі. Амаль пятая частка 170-мільённага насельніцтва Банглядэшу ня мае працы ці адукацыі.

Пратэстоўцы патрабуюць, каб дзяржава спыніла выдзяляць 30% дзяржаўных працоўных месцаў для семʼяў людзей, якія ўдзельнічалі ў вайне за незалежнасьць ад Пакістану ў 1971 годзе.

Сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня
Сутычкі пратэстоўцаў з паліцыяй падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня

Урад Хасіны адмяніў сыстэму квотаў у 2018 годзе, але ў мінулым месяцы Высокі суд Банглядэшу аднавіў яе. Урад абскардзіў прысуд, і Вярхоўны суд прыпыніў дзеяньне пастановы Высокага суда да разгляду апэляцыі ўраду 7 жніўня. Хасіна, дачка шэйха Муджыбура Рахмана, які прывёў Банглядэш да незалежнасьці, дагэтуль адхіляла патрабаваньні пратэстоўцаў аб адмене квотаў, заяўляючы, што справа знаходзіцца ў руках суда.

Міністар юстыцыі Банглядэшу Анісул Хук заявіў, што ўрад гатовы правесьці перамовы з пратэстоўцамі. Дэманстранты адмовіліся, заявіўшы: «Дыскусіі і адкрыцьцё агню не ідуць рука аб руку».

«Мы ня можам таптацца па трупах для правядзеньня дыскусіяў. Абмеркаваньні маглі адбыцца раней», — заявіў агенцтву Reuters каардынатар пратэсту Нахід Іслам.

Падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня
Падчас пратэстаў у Багнлядэшы 18 ліпеня

З 17 ліпеня ўсе дзяржаўныя і прыватныя ўнівэрсытэты былі зачыненыя на нявызначаны тэрмін, а ў кампусах былі разгорнутыя сілы бясьпекі для падтрыманьня парадку.

Генэральны сакратар ААН Антонію Гютэрыш 18 ліпеня заклікаў бакі канфлікту да стрыманасьці, а таксама заклікаў улады расьсьледаваць усе акты гвалту і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці, заявіў афіцыйны прадстаўнік ААН Стэфан Дзюжарык.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG