Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр сёньня, 18 ліпеня, скарыстаецца магчымасьцю прыняць у Лёндане кіраўнікоў дзяржаў – сяброў Эўрапейскай палітычнай супольнасьці (ЕРС), каб выказаць сваё жаданьне зрабіць «перазагрузку» адносін Вялікай Брытаніі з Эўрапейскім зьвязам і пацьвердзіць працяг падтрымкі Ўкраіны. Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».
Праз два тыдні пасьля перамогі лейбарыстаў на выбарах і свайго першага міжнароднага візыту на саміт NATO ў Вашынгтон у якасьці прэмʼер-міністра Стармэр прымае саміт EPC, у які ўваходзяць больш як 40 краін, у палацы Блэнхэйм, месцы нараджэньня Ўінстана Чэрчыля, для ўмацаваньня супрацоўніцтва ў галіне бясьпекі межаў.
Аднадзённае пасяджэньне групы, створанай пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, дае новаму лідэру Вялікай Брытаніі яшчэ адну магчымасьць для прасоўваньня больш цеснага абароннага супрацоўніцтва, асабліва ў сьвятле магчымай перамогі Дональда Трампа, які заяўляе, што Эўропа павінна рабіць больш для абароны ўласнай бясьпекі.
«Мы ня можам дазволіць праблемам нядаўняй мінуўшчыны вызначаць нашыя адносіны ў будучыні. Менавіта таму эўрапейская бясьпека будзе ў цэнтры замежнапалітычных і абаронных прыярытэтаў гэтага ўраду, і менавіта таму я засяроджаны на выкарыстаньні гэтага моманту для абнаўленьня нашых адносін з Эўропай, — заявіў Стармэр у сераду. — EPC дасьць старт новаму падыходу гэтага ўраду да Эўропы, які прынясе карысьць ня толькі нам зараз, але і будучым пакаленьням».
Стармэр рашуча настроены перазагрузіць адносіны з ЭЗ пасьля галасаваньня 2016 году, калі большасьць жыхароў краіны прагаласавалі за выхад з блёку. Зрэшты, ён ня бачыць магчымасьці таго, каб краіна зноў увайшла ў склад Эўразвязу ў найбліжэйшыя гады.
Брытанскія ўлады падкрэсьліваюць, што перамовы знаходзяцца на пачатковай стадыі, і іх канчатковая мэта — заключэньне пакту аб бясьпецы, які ахоплівае шырокі спэктар галін, такіх як энэргетыка, ланцужкі паставак, пандэміі і міграцыя.
EPC дае Стармэру, міністру замежных спраў Дэвіду Ламі і міністру па сувязях з ЭЗ Нікам Томас-Сымандсам яшчэ адну магчымасьць правесьці сустрэчы ў шчыльным графіку, на якія новаму ўраду звычайна патрабуюцца месяцы.
У Вашынгтоне брытанскі міністар абароны Джон Гілі заявіў, што каманда лейбарыстаў «сустрэлася і правяла перамовы з усімі 32 членамі (NATO), уключаючы Ўкраіну... і чатыры краіны Інда-Ціхаакіянскага рэгіёну, якія таксама прысутнічалі» на саміце.
Заўтра чакаецца, што лідэры краін ЕРС, у тым ліку прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, ня толькі выкажуць новую падтрымку Кіеву, але і абмяркуюць энэргетычную бясьпеку, абарону дэмакратыі і міграцыю.
Некаторыя крытыкі кажуць, што EPC — усяго толькі пляцоўка для абмеркаваньняў, якія часта не прыводзяць да рэальных пагадненьняў, але існуе думка, што нефармальны характар сустрэчы дазваляе праводзіць больш глыбокія абмеркаваньні пытаньняў, што, па словах адной з крыніц ва ўрадзе Нямеччыне, умацоўвае геапалітычнае згуртаваньне паміж ЭЗ і трэцімі краінамі ў рэгіёне.
Крыніца ў францускім урадзе паведаміла Reuters, што Лёндан хоча, каб EPC заклікаў да дзеяньняў супраць расейскага ценявога танкернага флёту, які дазваляе Маскве абыходзіць санкцыі, у той час як Малдова, якая мяжуе з Украінай, і Францыя будуць працаваць над супрацоўніцтвам у барацьбе з замежным умяшаньнем.
Стармэр возьме ўдзел у працы групаў у пытаньнях міграцыі і разьвіцьця Малдовы, каб падтрымаць сувэрэнітэт і дэмакратыю ў краіне перад расейскім умяшаньнем.
Ён таксама падтрымлівае ініцыятыву разгортваньня супрацоўнікаў новага падразьдзяленьня хуткай дэпартацыі для кантролю над нацыянальнымі межамі.
Але, магчыма, найважнейшае для Стармэра — паляпшэньне асабістых адносін зь іншымі лідэрамі, што, паводле яго слоў, зьяўляецца важным для дасягненьня вынікаў.
У сераду ён прыняў прэмʼер-міністра Ірляндыі Саймана Гарыса ў сваёй загараднай рэзыдэнцыі, а ў чацьвер арганізуе вячэру для прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона. Таксама ён правядзе шэраг двухбаковых сустрэч, у тым ліку з прэмʼер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам.
«Гэтая сустрэча эўрапейскіх лідэраў — магчымасьць прасоўвацца наперад і пачынаць увасабляць у жыцьцё прыярытэты брытанцаў», — сказаў Стармэр.
Форум