Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея, якая вядзе вайну ва Ўкраіне, у ААН заклікала да «больш справядлівага сьветапарадку». Што ёй адказалі ў Радзе Бясьпекі


Сяргей лаўроў. Архіўнае фота
Сяргей лаўроў. Архіўнае фота

Прадстаўнікі ЗША, Вялікай Брытаніі, Украіны і краін Эўразьвязу выказалі ў аўторак зьдзіўленьне ў сувязі з пасяджэньнем на тэму міжнароднага супрацоўніцтва ў інтарэсах больш справядлівага, дэмакратычнага і ўстойлівага сьветапарадку, якое прайшло сёньня ў Радзе Бясьпекі ААН.

Расея зьяўляецца старшынёй Рады Бясьпекі ААН у гэтым месяцы, яна ж ініцыявала паседжаньне на гэтую тэму, піша «Голас Амэрыкі».

Прадстаўнікі некаторых краін — сяброў ААН адзначылі, што дзяржава, якая незаконна ўварвалася на тэрыторыю суседняй краіны і ўжо два з паловай гады бамбіць мірнае насельніцтва, пры гэтым з высокай трыбуны заклікае да міжнароднага супрацоўніцтва.

Перад пачаткам пасяджэньня Рады Бясьпекі ААН пастаянны прадстаўнік Украіны пры ААН Сяргей Кісьліца выйшаў да журналістаў і ад дэлегацый 52 краін, уключаючы ЗША, зачытаў сумесную заяву.

«Празь некалькі хвілін Расейская Фэдэрацыя пачне паседжаньне Рады Бясьпекі па шматбаковым супрацоўніцтве для больш дэмакратычнага і ўстойлівага сьветапарадку — і гэта на фоне сваёй жорсткай ваеннай агрэсіі супраць Украіны, — сказаў Кісьліца. — Гэтая тэма абмеркаваньня — яшчэ адно сьведчаньне крывадушнасьці Расеі. Сёньняшняе пасяджэньне не павінна адцягнуць міжнародную супольнасьць ад таго факту, што Расея груба парушае Статут ААН і злоўжывае працай Рады Бясьпекі, пры гэтым цынічна спрабуючы ўявіць сябе абаронцай шматбаковага сьветапарадку. Мы яшчэ раз падкрэсьліваем нашае абсалютнае асуджэньне расейскай агрэсіі супраць Украіны і нашу падтрымку палітычнай незалежнасьці Украіны, яе сувэрэнітэту і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці».

На паседжаньні РБ ААН старшыняваў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён абвінаваціў ЗША і іх саюзьнікаў у палітычнай і эканамічнай гегемоніі ў сьвеце і заявіў, што ж фармуюцца новыя альянсы, здольныя супрацьстаяць амэрыканскай гегемоніі.

«Дзеяньні Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў, вядома ж, перашкаджаюць міжнароднаму супрацоўніцтву і пабудове больш справядлівага сьвету, — сказаў міністар Лаўроў. — Бяруць у закладнікі цэлыя краіны і рэгіёны, не даюць народам рэалізаваць запісаныя ў статуце сувэрэнныя правы, адцягваюць ад такой неабходнай сумеснай працы ва ўрэгуляваньні канфліктаў на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, у іншых рэгіёнах, ад працы па скарачэньні глябальнай няроўнасьці, ліквідацыі пагроз тэрарызму і нарказлачыннасьці, голаду і хвароб, — сказаў міністар Лаўроў. — Перакананы, што гэтае становішча можна выправіць, зразумела, пры наяўнасьці добрай волі».

Пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Лінда Томас-Грынфілд нагадала, што ў 1959 годзе СССР падарыў ААН бронзавую скульптуру чалавека, які перакоўвае меч у інструмэнт для культываваньня пасеваў. Скульптура звалася «Перакуем мячы на аралы» і сымбалізавала імкненьне да адмовы ад вырашэньня канфліктаў шляхам вайны.

Томас-Грынфілд адзначыла, наколькі Расея сёньня далёкая ад рэалізацыі гэтага імкненьня. Пастаянная прадстаўніца ААН асудзіла ўварваньне Расеі ва Ўкраіне і заявіла, што менавіта Расея пагражае больш устойліваму сьветапарадку.

«ААН была створана менавіта для такога моманту, як сёньня, — сказала Томас-Грынфілд. — Мы павінны аб’яднацца вакол Статуту ААН і яго асноўных прынцыпаў — сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці, міру і бясьпекі. Мы мусім рэалізоўваць у жыцьцё сутнасьць міжнароднага супрацоўніцтва — гэта не павінна быць толькі палітычна моднае слова, гэта сродак да дасягненьня прагрэсу ў пытаньнях, якія ўсіх нас датычацца».

Пастаянная прадстаўніца Вялікай Брытаніі пры ААН Барбара Вудворд апісала той сьветапарадак, да пабудовы якога, паводле яе слоў, Расея імкнецца. Яна зьвярнулася наўпрост да старшыні Рады Бясьпекі ААН — міністра Лаўрова.

«Спадар старшыня, пакуль вы нам расказваеце аб тым, як сьветапарадак можа стаць больш справядлівым, дэмакратычным і ўстойлівым, ваша армія сыстэматычна бамбіць мірнае насельніцтва Ўкраіны, працягваючы неспрактыкаваную ваенную агрэсію, груба парушаючы Статут ААН, — сказала Барбара Вудворд. — Гэта справядліва — спрабаваць анэксаваць тэрыторыю іншай дзяржавы? Гэта дэмакратычна — спрабаваць падпарадкаваць сабе грамадзян іншай краіны? Гэта ўстойлівы сьветапарадак — пачаць вайну, у якой загінулі і былі паранены больш за 500 тысяч вашых жа ўласных грамадзян? Вайна ва Ўкраіне — гэта жорсткі напамін аб тым, да якога менавіта сьветапарадку Расея імкнецца».

Перад пачаткам пасяджэньня пастаянны прадстаўнік Эўразьвязу пры ААН Стаўрас Ламбрынідзіс выйшаў да журналістаў і ад імя краін — сяброў Эўразьвязу зачытаў заяву, у якой асудзіў дзеяньні Расеі ва Ўкраіне.

«Краіна — сябра ААН, якая цяпер займае месца старшыні Рады Бясьпекі, органа ААН, які адказвае за захаваньне міру і бясьпекі, сама ўзмацняе напады на цывільную інфраструктуру Ўкраіны, у тым ліку на лякарні і электрастанцыі, — сказаў Стаўрас Ламбрынідзіс. — Расея груба парушае міжнародныя законы і прынцыпы Статуту ААН, зьдзейсьніўшы незаконнае ўварваньне ва Ўкраіну, і падрывае эўрапейскую і міжнародную бясьпеку і стабільнасьць».

Ламбрынідзіс адзначыў, што, нягледзячы на шматлікія бясплённыя намаганьні ААН спыніць шматлікія канфлікты, шматбаковае супрацоўніцтва — гэта адзіны прымальны шлях.

«Аднак, незалежна ад расейскіх парушэньняў, шматбаковае супрацоўніцтва ўсё ж абяцае надзею — калі мы будзем абараняць яго прынцыпы, — сказаў Стаўрас Ламбрынідзіс. — Разам з нашымі партнэрамі па ўсім сьвеце мы будзем працягваць працаваць над вырашэньнем многіх глябальных крызісаў — уключаючы расейскую агрэсію супраць Украіны, сытуацыю ў сэктары Газа і на Блізкім Усходзе, у Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, у Гаіці і Мʼянме».

Тым часам прадстаўнік Беларусі Юры Амбразевіч павіншаваў Расейскую Федэрацыю са старшынствам у Радзе Бясьпекі ААН і пажадаў «поспеху ў выкананьні гэтай найважнейшай функцыі ў шматбаковай дыпляматыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG