У паседжаньні 15 ліпеня ў Варшаве ўзялі ўдзел кіраўніца Абʼяднанага пераходнага кабінэту Беларусі Сьвятлана Ціханоўская; яе намесьнік, прадстаўнік па транзыце ўлады Павал Латушка; прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык; прадстаўніца па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык; іх намесьнікі. Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Вольга Гарбунова і выканаўца абавязкаў прадстаўніка па замежных справах Уладзімер Астапенка далучыліся да паседжаньня онлайн.
«Сёньня мы сустрэліся разам у Варшаве, каб абмеркаваць стратэгію дзеяньняў на 2025 год, наша стаўленьне да так званых выбараў Лукашэнкі. А таксама падрыхтоўку да канфэрэнцыі „Новая Беларусь“ і сытуацыю з падтрымкай незалежных СМІ», — расказала Сьвятлана Ціханоўская.
Латушка анансаваў «некаторыя кадравыя зьмены ў АПК»
На канфэрэнцыю «Новая Беларусь», якая адбудзецца на пачатку жніўня ў Вільні, зьбяруцца больш за 200 прадстаўнікоў беларускай супольнасьці, дэмакратычных сілаў. Спадарыня Ціханоўская паведаміла, што рэгістрацыя ўжо адкрылася, і запрасіла падаваць заяўкі на ўдзел.
Намесьнік Ціханоўскай Павал Латушка адзначыў, што падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь» будзе абвешчана пра ўзмацненьне Аб’яднанага пераходнага кабінэту.
«Я думаю, адбудуцца некаторыя кадравыя зьмены ў АПК. Мы будзем абмяркоўваць супрацоўніцтва з новым складам Каардынацыйнай рады з пункту гледжаньня АПК», — адзначыў Павал Латушка.
Ён расказаў, што на паседжаньні 15 ліпеня сябры АПК абмеркавалі праекты дакумэнтаў, якія плянуецца ініцыяваць падчас канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
«Гэта праект „Плятформы 2025“, якая акрэсьлівае прынцыпы дзейнасьці дэмакратычных сілаў. Гэта палітычная дэклярацыя, зьвязаная з выбарчым працэсам, які адбудзецца ў Беларусі ў 2025 годзе. Зразумела, выбарамі мы назваць гэта ня можам», — заўважыў Павал Латушка.
«Мы хочам данесьці, што трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі, а не на простых грамадзян Беларусі»
Сьвятлана Ціханоўская паведаміла таксама, што 15 ліпеня ў Варшаве АПК абмяркуе з польскім бокам праблемы перасячэньня мяжы і атрыманьня візаў простымі беларусамі.
«Мы хочам данесьці, што трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі, а не на простых грамадзян Беларусі. Сярод іншага, падчас сустрэчы абмяркуем выдачу візаў, а таксама спрашчэньне адкрыцьця рахункаў беларусамі», — паведаміла Сьвятлана Ціханоўская.
Яна выказала ўдзячнасьць польскім уладам за рашучасьць і падтрымку беларусаў у патрабаваньні вызваленьня палітвязьняў, у тым ліку журналіста Анджэя Пачобута.
«Вызваленьне палітвязьняў — гэта наш абсалютны прыярытэт, і мы вітаем вызваленьне некалькіх, у тым ліку Рыгора Кастусёва. І дамагаемся, каб вызваленыя былі ўсе, і ў першую чаргу тыя, здароўе якіх у крытычным стане», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.