У фінальным паядынку ў Маямі сустрэліся зборныя Аргентыны і Калюмбіі. Для вызначэньня пераможцы спатрэбіўся дадатковы час, у які аргентынскі нападнік Ляўтара Мартынэс на 112-й хвіліне прабіў калюмбійскага брамніка.
Перамога 1:0 прынесла аргентынцам другі запар Кубак Амэрыкі, які стаў для зборнай 16-м у гісторыі. Цяпер аргентынцы валодаюць найбольшай колькасьцю званьняў чэмпіёнаў кантынэнту. 15 Кубкаў Амэрыкі здабыла зборная Ўругваю, якая сёлета саступіла калюмбійцам у паўфінале, а затым здабыла бронзу пасьля перамогі над Канадай. А вось 5-разовыя чэмпіёны сьвету бразыльцы бралі трафэй толькі 9 разоў.
Copa América — найстарэйшы турнір для зборных у сьвеце. Ён праводзіцца з 1916 году. Для параўнаньня, першынство сьвету праводзяць з 1930 году, а чэмпіянат Эўропы толькі з 1960-га.
Хоць стадыёны ў ЗША зьяўляюцца самымі сучаснымі і буйнымі ў Амэрыцы, турнір выклікаў шэраг асьцярог адносна бясьпекі. Пасьля паўфінальнай гульні Калюмбія — Уругвай ахова стадыёну ў Шарлаце не перашкодзіла п’яным фанатам калюмбійцаў атакаваць сем'і ўругвайскіх футбалістаў, якія прысутнічалі на трыбунах. Некаторыя ўругвайскія гульцы ўскочылі на трыбуну і пасьпелі пабіцца з праціўнікамі яшчэ да таго, як зрэагавала ахова стадыёну.
Перад фіналам у Маямі здарыўся яшчэ адзін выпадак з калюмбійскімі заўзятарамі. Шэраг зь іх, ня маючы білетаў на сустрэчу, палезьлі на стадыён праз вэнтыляцыйныя шахты і бралі штурмам турнікеты. У выніку пачатак фінальнай сустрэчы нават адклалі, каб справіцца зь бясчынствамі.
Асаблівую ўвагу такія здарэньні маюць на тле таго, што праз два гады, улетку 2026-га, Злучаныя Штаты разам з Мэксыкай і Канадай будуць прымаць чэмпіянат сьвету.
Форум