«Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка прыбыў з афіцыйным візытам у Баліварыянскую Рэспубліку Вэнэсуэла з мэтай умацаваньня адносінаў братэрства і супрацоўніцтва паміж дзьвюма краінамі», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
У аэрапорце яго сустракалі міністар замежных спраў Вэнэсуэлы Іван Гіл Пінта і амбасадар Беларусі ў Вэнэсуэле Андрэй Моўчан.
Прэм’ер-міністар Беларусі «правядзе сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі выканаўчай і заканадаўчай улады Вэнэсуэлы для разьвіцьця супрацоўніцтва ў сфэрах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс», адзначылі ў ведамстве.
«Спадзяёмся, што падчас візыту будуць дасягнуты новыя дамоўленасьці, якія дапамогуць Беларусі і Вэнэсуэле палепшыць паказчыкі ва ўзаемным гандлі»,— сказаў Галоўчанка на сустрэчы з кіраўніком МЗС Вэнэсуэлы.
Вэнэсуэла і Беларусь устанавілі дыпляматычныя адносіны ў лютым 1997 году. За апошнія гады было падпісана пагадненьне аб супрацоўніцтве ў сфэрах энэргетыкі, сельскай гаспадаркі, гандлю, нафтахіміі, паветранага транспарту, адукацыі, аховы здароўя, навукі і тэхналёгій.
Пры гэтым больш за год таму расьсьледаваньне ўзаемінаў дзьвюх краін, якое правялі Беларускі расьсьледніцкі цэнтар сумесна з вэнэсуэльскім выданьнем Armando.Info і Цэнтрам расьсьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці OCCRP, выкрыла вялікія недапрацоўкі ў ранейшых праектах. У прыватнасьці, вялікая сума не заплачаная дагэтуль за пастаўкі нафты яшчэ пры ўладзе Уга Чавэса ў 2010 годзе. Беларусь вінаватая Каракасу амаль 1,5 млрд даляраў.
Больш за тое, спынілі працу пабудаваныя беларускімі спэцыялістамі заводы па зборцы трактароў «Беларусь» і грузавікоў МАЗ. Акрамя таго, высьветлілася, што трактары МТЗ прадаваліся ў паўднёваамэрыканскую краіну па цане, прыкладна ў два разы вышэйшай за рынкавую. Значна даражэй, чым на Кубу, у Сальвадор і Нікарагуа, адносіны зь якімі «братэрскімі» ў Менску не называюць.
Не да канца выкананыя і абавязаньні ў будаўніцтве жыльля, якія брала на сябе Беларусь.
Форум