Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры краіны NATO дамовіліся распрацаваць дальнабойныя ракеты


Германская ракета «Таўрус». Яе далёкасьць — 500 кілямэтраў
Германская ракета «Таўрус». Яе далёкасьць — 500 кілямэтраў

Францыя, Нямеччына, Італія і Польшча сумесна распрацуюць ракету наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня больш як 500 кілямэтраў.

Францыя, Нямеччына, Італія і Польшча зоймуцца сумеснай распрацоўкай ракет наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня больш як 500 кілямэтраў — то бок зброі, якая падпадае пад вызначэньне «ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці», паведамляе «Голас Амэрыкі». Міністры абароны чатырох краін падпісалі дэклярацыю аб намерах у гэтай сфэры ў Вашынгтоне, дзе праходзіць саміт NATO.

Нямецкая газэта Frankfurter Allgemeine Zeitung робіць акцэнт на тым, што гэтыя ракеты, калі іх разьмясьціць на тэрыторыі Нямеччыны, гіпатэтычна маглі б дасягаць цэляў на тэрыторыі Расеі. Пагадненьне падпісана на фоне вайны ва Ўкраіне і асьцярогаў краін NATO, што Расея ў будучыні можа рыхтаваць агрэсію супраць іх.

Паведамленьне прагучала на наступны дзень пасьля таго, як ЗША і Нямеччына абвясьцілі пра пляны разьмяшчэньня пачынаючы з 2026 году на нямецкай тэрыторыі дальнабойных ударных сыстэм, уключна з гіпэргукавой зброяй. Гэтае паведамленьне выклікала рэзкую крытыку з боку Масквы, якая назвала намер заходніх саюзьнікаў «зьвяном у эскаляцыйным курсе». Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, у сваю чаргу, заявіў, што гаворка ідзе пра доўгатэрміновую стратэгію забесьпячэньня бясьпекі, якая не павінна быць сюрпрызам для Масквы.

Як піша FAZ, у дыскусіях на саміце NATO быў вызначаны шэраг «прабелаў» у ваенных магчымасьцях альянсу, перш за ўсё ў Эўропе. У якасьці прыярытэтаў, перадае выданьне, вызначаныя пяць напрамкаў, адзін зь іх — якраз забесьпячэньне магчымасьці наносіць удары ў глыбіні тэрыторыі патэнцыйнага праціўніка (Deep Precision Strike).

Дэклярацыя аб намерах, падпісаная чатырма краінамі, якраз тычыцца распрацоўкі зброі, здольнай наносіць такія ўдары. Пры гэтым сама дэклярацыя мае вельмі агульны характар, не ўдакладнены нават характар зброі, якую будуць распрацоўваць — крылатыя ці балістычныя ракеты. Адзначаецца, што да праекту можа далучыцца і Вялікая Брытанія, але ў любым выпадку яго рэалізацыя зойме не адзін год.

  • ЗША і Савецкі Саюз зьнішчылі свае ракеты наземнага базаваньня з радыюсам дзеяньня, які перавышае 500 кілямэтраў, у адпаведнасьці з Дамовай аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасьці. Яе падпісалі ў 1987 годзе тагачасны прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган і апошні савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў.
  • У 2019 годзе ЗША выйшлі з дамовы, заявіўшы, што Масква яе парушае. Пры гэтым Вашынгтон зьвярнуў увагу на распрацоўку Расеяй крылатай ракеты наземнага базаваньня 9М729, вядомай у NATO як SSC-8. Расея адмаўляла парушэньні.
  • Днямі Ўладзімір Пуцін, аднак, заявіў, што ў Расеі могуць аднавіць вытворчасьць ракет сярэдняй і меншай далёкасьці, і іх могуць разьмясьціць у тым ліку за межамі Расеі, як сьцьвярджаецца, для стрымліваньня ЗША.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG