На пачатку вечара сьвятар айцец Георгій прачытаў малітву, якую адмыслова склаў у памяць пра Алеся Пушкіна.
«Ён наш пакутнік і сьведка. Сьведка любові да Радзімы, да праўды і да Хрыста», — сказаў пасьля маленьня пра Алеся Пушкіна айцец Георгій.
Пра свае пачуцьці ад навіны пра сьмерць Пушкіна распавяла былая палізьняволеная мастачка Ася Булыбенка.
«Было адчуваньне цемры. Чаму? Як далей жыць? Такія былі думкі. Але цяпер думаю, што мы павінны жыць і не здавацца, не спыняць нашу працу», — згадала дзяўчына свае перажываньні мінулага году.
Таксама Ася Булыбенка паведаміла наведнікам выставы, што актывісты раздрукавалі малюнкі Алеся Пушкіна і прапануюць іх на продаж, а сабраныя грошы пойдуць на падтрымку беларускіх палітвязьняў.
Паводле людзей, якія перапісваліся з Алесем Пушкіным падчас ягонага зьняволеньня, мастак ня толькі знаходзіў у турмах магчымасьць маляваць, але і сам натхняўся творамі мастацтва.
Былы палітвязень Ільля Міронаў згадаў сваю перапіску з Алесем Пушкіным. Адну з паштовак мастак даслаў Ільлю ў красавіку 2021 году з гарадзенскай турмы. У ёй ішла гаворка пра тое, што да вязьня дзіўным чынам даходзяць паштоўкі з рэпрадукцыямі карцін, што вельмі радавала Алеся Пушкіна.
«Цэнзар вырашыў: раз мастак, то няхай яму цешаць душу паштоўкі з сусьветай клясыкай мастацтва. І вось цяпер у маёй 128 камэры і Анры Русо, і Міхаіл Урубэль, і Яўген Зайцаў (клясык беларускага мастацтва), і Якуб Колас, Уладзімер Караткевіч. Праўда, добрая кампанія!.. Крэпімся! Цісну руку — Алесь Пушкін» — напісаў мастак з гарадзенскай турмы, дзе праз амаль паўтара гады ён пайшоў з жыцьця.
На вечары адкрылі выставу малюнкаў Алеся Пушкіна, зробленых ім у вязьніцах падчас сьледзтва і адбыцьця пакараньня. Агулам наведнікі пабачылі 31 малюнак. Гэта тыя малюнкі, якія ад Алеся Пушкіна атрымала ягоная сяброўка, мастачка Лера Лазук. Паводле Леры Лазук, да яе даходзілі малюнкі з «Валадаркі», з жодзінскай і гарадзенскай турмаў, але мастачка ведае, што Алесь дасылаў лісты і малюнкі таксама іншым адрасатам.
«Алесь сам зьдзіўляўся таму, што малюнкі, якія ён мне дасылаў, амаль заўсёды даходзяць. Магчыма, некаторыя іншыя згубіліся», — распавяла Свабодзе Лера Лазук.
Мастачка ведае зь лістоў Алеся Пушкіна, што больш за сотню малюнкаў ён раздаў вязьням, зь якімі дзяліў няволю. Гэтыя творы застаюцца на руках у вязьняў беларускіх турмаў і калёніяў, мяркуе мастачка.
Апошні малюнак Пушкіна, паводле Леры Лазук, прыйшоў з Валадаркі ў студзені 2022 году. На ім міска, лыжка з рыбінай, яшчэ адна рыбіна на кавалку хлеба. Кубак гарбаты. Галоўка часныку. «Спраўляем Каляды і ў турме», — падпісаў мастак Алесь Пушкін.
Удзельнікі вечарыны праглядзелі фільмы аб разьвітаньні і пахаваньні Алеся Пушкіна, якія адбыліся год таму ў вёсцы Бобр Крупскага раёну і на мясцовых могілках.
Выстава малюнкаў Алеся Пушкіна ў творчай прасторы «Кропка» па адрасе Saviciaus g. 6 будзе доўжыцца да канца ліпеня.
Форум