Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі бок не прымае грузавікі ў адзіным пункце пропуску. У Варшаве адказалі


Грузавікі на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота
Грузавікі на беларуска-польскай мяжы. Архіўнае фота

Пункт пераходу «Казловічы» адзіны, які застаўся адкрытым для грузавікоў на беларуска-польскай мяжы.

Мытны камітэт Беларусі паведаміў, што польскі бок з 03:00 10 ліпеня не прымае грузавых транспартных сродкаў, якія едуць зь Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы»:

«Калі ўчора тут грузавікоў у чарзе не было, то за мінулую ноч іх колькасьць вырасла да 600. Па словах кіроўцаў, якія перасякаюць беларуска-польскую мяжу, палякі ўзмацнілі кантроль».

У кірунку Беларусі праз гэты пункт пропуску транспартныя сродкі пакуль ідуць, але значна павальней, чым звычайна, піша Мытны камітэт Беларусі.Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што супрацоўнікі польскага пункта пропуску «Кукурыкі» (зь беларускага боку «Казловічы») 9 ліпеня прынялі 76% вялікагрузаў.

У Польшы абвяргаюць закрыцьцё пераходу для грузавікоў

Прадстаўніца Дзяржаўнай мытна-падатковай адміністрацыі Польшчы Юстына Пасечынска заявіла, што кантрольна-прапускны пункт не закрывалі, але рух замарудзіўся з прычыны праверак, зьвязаных з новымі санкцыямі, паведамляе агенцтва Reuters.

«Рух ідзе нармальна, можа быць, крыху павольней, таму што былі ўведзены санкцыі, і мы, як мытня і акцызная служба, павінны выконваць правілы... (але) нічога не было прыпынена або заблякавана», — сказала Пасечынска.

Колькасьць грузавых аўтамабіляў, якія прапускае польская мытня, зьменшылася, але блякады памежнага пераходу няма, заявіў афіцыйны прадстаўнік Люблінскага аддзяленьня падатковага ўпраўленьня Міхал Дзерусь, паведамляе RMF24. Паводле яго, колькасьць грузавікоў, якія афармляюць, зьменшылася, таму што польскі бок праводзіць кантроль тавараў у сувязі з набыцьцём сілы новых санкцыяў ЭЗ.

«Мытна-фіскальная служба правярае тавары, якія перавозяць, на адпаведнасьць дзеюйным польскім і эўрапейскім нормам, што ўплывае на колькасьць афармляемых грузавых аўтамабіляў на грузавым памежным пераходзе „Кукурыкі-Казловічы“ з тэрміналам у Карошчыне і на пасажырскім памежным пераходзе ў Тэрэспалі», — сказаў Дзерусь.

Пасьля абвяржэньня Польшчы ў Беларусі заявілі пра аднаўленьне прыёму грузавікоў у «Казловічах»

Каля 17-ай гадзіны 10 ліпеня ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі заявілі, што польскі бок «аднавіў прыём грузавых транспартных сродкаў, якія едуць на выезд зь Беларусі праз пункт пропуску „Казловічы“» і што «транспарт у напрамку Польшчы рухаецца, але пакуль нерытмічна».

Паводле ведамства, цяпер выезду зь Беларусі праз пункт пропуску «Казловічы» чакае звыш 600 транспартных сродкаў.

Пункт пераходу «Казловічы» застаўся адзіным адкрытым для грузавікоў, на беларуса-польскай мяжы, іншыя былі закрытыя празь мігранцкі крызіс і пагаршэньне ў адносінах дзьвюх краін.

Нядаўна зь візытам у Пэкіне пабываў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, ён выказаўся у размове зь Сі Цзінпінем аб праблемах у дачыненьнях зь Беларусьсю.

33 гадзіны блякады на чыгунцы

9 ліпеня Польшча абмежавала ўезд легкавых аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй. Празь мяжу прапускаюць машыны толькі ў выпадку прысутнасьці іх уладальніка. Гэта зьвязана з новым санкцыйным пакетам ЭЗ. У ім жа прадугледжана і забарона на ўвоз у Эўразьвяз прычэпаў і паўпрычэпаў зь беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку калі іх перамяшчае цягач з эўрапейскай рэгістрацыяй.

Раней стала вядома, што 33 гадзіны доўжылася блякада чыгуначнага руху ў вялікім тэрмінале мытнага афармленьня ў Малашэвічах на мяжы зь Беларусьсю.

Пра спыненьне блякады паведаміла радыёстанцыя RMF FM. Выданьне паведаміла са спасылкай на свае крыніцы, што гэта была дэманстрацыя магчымасьцяў і выразны сыгнал рэжыму Лукашэнкі, што польскія ўлады могуць законна заблякаваць чыгуначны транзыт з усходу ў Эўразьвяз. Гэтую інфармацыю перадалі радыё польскія дыпляматы.

Афіцыйна мытныя службы паведамілі, што праводзіліся плянавыя кантрольныя захады для абароны мытнай тэрыторыі Эўразьвязу ад паступленьня небясьпечных грузаў або рэчываў. Старанна правяралася зьмесьціва кантэйнэраў, якія трапілі ў Польшчу празь Беларусь — у асноўным з Кітаю.

Польскі ўрад вырашыў націснуць на рэжым Лукашэнкі, для якога даходы ад транзыту складаюць вялікую частку даходаў, адзначылі на радыё. У Польшчы разьлічваюць на ціск на Менск з боку Кітаю, які можа прайграць у выпадку блякаваньня тэрміналу ў Малашэвічах. Менавіта адсюль кітайскія тавары трапляюць на Захад па сушы.

Раней польскія ўлады па дыпляматычных каналах заявілі, што патрабуюць ад беларускіх уладаў выдаць мігранта, пасьля нападу якога на мяжы загінуў польскі жаўнер, спыніць мігранцкі ціск на мяжу і вызваліць палітвязьняў, у тым ліку Анджэя Пачобута.

Закрыцьцё пераходаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Што варта ведаць

  • У ліпені 2021 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што з прычыны санкцыяў Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальную міграцыю ў краіны Эўразьвязу. Польшча стала адной з краін, куды кінуліся патокі мігрантаў. Рэагуючы на крызіс, Польшча, як і Літва, пачала будаваць сьцяну на мяжы зь Беларусьсю, а 9 лістапада 2021 году закрыла пераход Кузьніца Беластоцкая — Брузгі.
  • У Варшаве абвінавацілі рэжым Лукашэнкі ў арганізацыі нелегальнай міграцыі ў краіны Эўразьвязу з тым, каб шантажаваць краіны ЭЗ і патрабаваць зьняцьця санкцый. Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі выказаў упэўненасьць, што сцэнар «гібрыднай агрэсіі» супраць Эўразьвязу быў распрацаваны Менскам не самастойна, а ў шчыльнай супрацы з Масквой.
  • 9 лютага 2023 году міністар унутраных спраў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў аб рашэньні закрыць памежны пераход Баброўнікі — Бераставіца, пачынаючы з 10 лютага. Гэта стала адказам Польшчы на палітычны прысуд журналісту Анджэю Пачобуту, актывісту польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі. Яму прысудзілі 8 гадоў калёніі.
  • Усяго на беларуска-польскай мяжы 6 пунктаў пропуску. З 10 лютага 2023 году зь іх толькі адзін адкрыты для легкавікоў і адзін для грузавікоў, у Берасьці.
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
Памежныя пераходы на мяжы Беларусі і Польшчы. Інфаграфіка
  1. Берасьце (Тэрэспаль з польскага боку) — дзейнічае толькі для легкавікоў;
  2. Казловічы (Кукурыкі) — праезд дазволены толькі грузавым аўтамабілям;
  3. Брузгі (Кузьніца Беластоцкая)— закрыты ў 2021 годзе;
  4. Бераставіца (Баброўнікі), — закрыты з 10 лютага 2023;
  5. Пясчатка (Полаўцы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку;
  6. Дамачава (Славатычы) — не функцыянуе зь ініцыятывы польскага боку.
  • Каля Горадні працягвае працу памежны пункт зь Літвой «Прывалка — Райгардас». Ён знаходзіцца блізка да мяжы з Польшчай.
  • На прэс-канфэрэнцыі ў Брусэлі 10 лютага прэм’ер-міністар Польшчы адзначыў, што ў Варшаве разглядаюць варыянт закрыцьця астатніх двух пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Ён заявіў, што да Беларусі «інструмэнтальна ставяцца» расейцы і Крэмль, і гэта складае вялікую пагрозу Польшчы і Ўкраіне.
  • Перад закрыцьцём памежнага пераходу ў Баброўніках там затрымалі сама меней 12 мытнікаў. Гаворка, магчыма, ідзе пра хабарніцтва. Пра гэта паведаміла Gazeta Wyborcza. Інфармацыю аб затрыманьні мытнікаў выданьне атрымала ў ноч на 11 лютага, ужо пасьля закрыцьця памежнага пераходу.
  • 13 лютага Памежны камітэт Беларусі паведаміў, што колькасьць аўтамабіляў за першыя выходныя пасьля закрыцьця Баброўнікаў на іншых пераходах павялічылася на 16%.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG