Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька — палітвязень у псыхіятрычным шпіталі, сын у вымушанай эміграцыі. Гісторыя сям’і з райцэнтру


Арцём Кавалёў з жонкай Кацярынай і дзецьмі ў Варшаве
Арцём Кавалёў з жонкай Кацярынай і дзецьмі ў Варшаве

2020 год, Чачэрск. Міліцыя ладзіла аблавы на сям’ю Кавалёвых. Юры Кавалёў не вылазіў з «сутак», на ягонага сына Арцёма паляваў АМАП. Цяпер Юры на прымусовым псыхіятрычным лячэньні. Арцём зь сям’ёй уцёк за мяжу.

Юры Кавалёў і яго сын Арцём былі вядомыя ў Чачэрску сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Праз гэта Юры Кавалёў часта трапляў на «суткі». Гэта асабліва праявілася, калі пачаліся перадвыбарныя падзеі 2020 году, а затым акцыі пратэсту па ўсёй краіне.

«Я пачаў актыўна падтрымліваць Сяргея Ціханоўскага, езьдзіў на пікеты па зборы подпісаў у Гомель. Потым арганізоўваў агітацыйны пікет у Чачэрску. Тады для нашага райцэнтру нармальна людзей сабралася на стадыёне. Калі ў Чачэрску быў праўладны мітынг, я хадзіў сярод „ябацек“ і раздаваў ім апазыцыйныя ўлёткі», — успамінае Арцём.

3 жніўня 2020 году Юрыя Кавалёва схапіла міліцыя, яго чарговы раз арыштавалі. На Арцёма пачалося, па яго словах, сапраўднае паляваньне.

«Прыехаў дахаты, там стаіць начальнік крымінальнага вышуку. Я кажу: „Што ты тут робіш?“, ён жа мне: „Сашу чакаю“. Ну я пажартаваў, што „Твайму Сашу нядоўга засталося“. Потым з вакна заўважыў бус з амапаўцамі. Я здолеў прабрацца ў суседні пад’езд і схавацца там на даху. Прасядзеў там усю ноч, пакуль яны мітусіліся», — кажа Арцём.

Арцём Кавалёў з жонкай і дачкой у Чачэрску
Арцём Кавалёў з жонкай і дачкой у Чачэрску

Ён сьцьвярджае, што на той момант меў стары тэлефон, месцазнаходжаньне якога нельга зафіксаваць. «Па тым тэлефоне я сказаў жонцы, што сяджу ў кустах і буду чакаць, калі выключаць вулічнае асьвятленьне, тады пачну ўцякаць. І вось у дзьве гадзіны ночы ліхтары перасталі сьвяціць, але на кароткі час — тут жа па ўсім Чачэрску ўключылі вулічнае асьвятленьне! Я спалохаўся, падумаў: «Нішто сабе! Значыць, калі яны мяне зловяць, то будуць проста зьнішчаць», — прыгадвае суразмоўца.

Пазьней з даху Арцём перабраўся ў кватэру да аднаго зь неабыякавых людзей. «І зрабіў такую хітрасьць — праз знаёмых перадаў свой другі тэлефон жонцы ў вёску, і цыдулку з інструкцыямі. Калі яна ўключыла тэлефон, то вёску тую, Красны Бераг, усю аблажылі міліцыянты і АМАП. Думалі, што я там, і шукалі мяне», — кажа жыхар Чачэрску.

«У Менску атрымаў па рэбрах, кроў трапіла ў лёгкія»

У знаёмых Арцём хаваўся ад 3 па 8 жніўня. Расказвае, што напярэдадні дня выбараў выбраўся з «хованкі» і паехаў у Гомель. Там тры дні прымаў удзел у акцыях пратэсту, пасьля пераехаў у Менск.

«12 жніўня ў Менску трапіў пад „раздачу“. Мне папала дручком па рэбрах, даволі моцна. Зрабілася блага. Паехаў дахаты. У шпіталі вызначылі, што кроў трапіла ў лёгкія. Вядома, я не казаў, як усё адбылося. Мяне перавялі з Чачэрску ў Гомель, там два тыдні лячыўся. Потым хадзіў на акцыі пратэсту ў Чачэрску. Спачатку людзей было шмат. Потым усё менш і менш. Па выніку пачалі разганяць і затрымліваць. Мне далі штраф», — кажа Арцём.

Суразмоўца гаворыць, што пасьля такога перайшоў на «падпольную» дзейнасьць.

«Ды трэба было і працаваць, і гаспадарку глядзець, бо тата не вылазіў з „сутак“, а дома — жывёла, гароды», — гаворыць Арцём.

На працягу 2021-2023 году да яго і да ягонай маці міліцыя прыходзіла з «папярэджаньнямі», «прафіляктычнымі гутаркамі» і вобшукамі. Маці таксама атрымала штраф за «экстрэмізм».

«Страшна і жудасна, якім я ўбачыў тату ў псыхіятрычным шпіталі»

Арцём Кавалёў у Грузіі
Арцём Кавалёў у Грузіі

У 2021 годзе бацька Арцёма Юры Кавалёў, праходзіў камісію ў псыхіятра на правы кіроўцы. Завязалася размова, лекар пачала кепска адгукацца пра Сьвятлану Ціханоўскую. Юры не змаўчаў і «нэгатыўна ахарактарызаваў» Лукашэнку. Псыхіятарка «здала» яго ў міліцыю. Кавалёў-старэйшы ў выніку атрымаў год калёніі за «абразу Лукашэнкі».

Пасьля таго, як ён адбыў тэрмін пакараньня, Юрыя зноў судзілі і прызначылі прымусовае псыхіятрычнае лячэньне. 1 ліпеня 2022 году Юры Кавалёў павінен быў выйсьці на волю з калёніі Ваўкавыску, але суд Ваўкавыскага раёну адправіў Юрыя на прымусовае лячэньне ў псыхіятрычны шпіталь.

«Спачатку тата быў у Навінках (псыхіятрычны шпіталь у Менску. — РС). Мы яго наведвалі, прывозілі перадачы. Потым на шпіталь „напаў каранавірус“, спатканьні забаранілі. Затым тату перавялі ў гомельскі псыхіятрычны шпіталь. Тое, якім я яго там убачыў, не апісаць словамі. Гэта было страшна і жудасна. Ён быў заўсёды моцны целам і духам чалавек. На калёніі ён не скарыўся, не зламаўся, жыў паводле сваіх каштоўнасьцяў і правілаў. Таму і не вылазіў з ШЫЗА там, таму яго і адправілі ў псыхіятрычны шпіталь — каб зламаць. У бацькі трэсьліся рукі і калені, рукі наагул ён не мог падняць, сьлёзы цяклі. Яго папросту хацелі зламаць — зрабіць лекамі тое, чаго не ўдалося гвалтам у калёніі», — кажа Арцём.

Па яго словах, пакуль невядома, калі Кавалёва-старэйшага адпусьцяць са шпіталя. Гэта будзе вырашаць адмысловая камісія.

«Па тэлевізары мяне паказалі як „сьпячую ячэйку“, у раёнцы назвалі „фашыстам“

Пасьля пашкоджаньня расейскага самалёта ў Мачулішчах увесну 2023 году па ўсёй Беларусі пачалася „зачыстка“, пад якую трапіў і Арцём Кавалёў. Ён кажа, што 14 сакавіка быў у сваім гаражы, і ў брамку пастукалі супрацоўнікі КДБ.

Арцём Кавалеў зь бел-чырвона-белым сьцягам у Варшаве
Арцём Кавалеў зь бел-чырвона-белым сьцягам у Варшаве

«Яны спачатку паводзілі сябе вельмі нахабна, хацелі паказаць, якія яны крутыя. Я аднаму сказаў: „Калі ты такі круты, то дастань пісталет і застрэль мяне“. Пасьля гэтага яны пачалі спакойна размаўляць. Нібыта шукалі зброю, задавалі пытаньні пра плян „Перамога“, палохалі мяне АМАПам, пагражалі, што завязуць на СІЗА. Потым знайшлі БЧБ-сьцяжкі, кнігу „Выпадковы прэзыдэнт“, розную атрыбутыку і пачалі складаць пратаколы. Пратаколаў было, здаецца, чатыры. За кожны сьцяжок ці „Пагоню“. Адзін пратакол быў на мой аўтамабіль, які „мітынгаваў БЧБ“, стоячы ў гаражы“, — кажа Кавалёў.

Па яго словах, сілавікі прымусілі на камэру замаляваць „Пагоню“ на браме, хацелі запісаць „пакаяннае“ відэа.

«Але я „ўключыў дурня“, бо мне далі вялізны тэкст, які я мусіў зачытаць, там усялякая лухта. Трэба было плявузгаць на апазыцыю, казаць: „Вы робіце няправільна“. У выніку запісалі толькі, як я замалёўваю „Пагоню“ і адвезьлі мяне ў міліцыю, каб тыя са мной разьбіраліся“, — зазначыў Арцём.

Суразмоўца кажа, што калі яго мусілі перавесьці зь міліцыі ў ІЧУ, яму зрабілася блага, падняўся ціск і ў выніку ён трапіў у шпіталь. Адтуль уцёк.

Арцём Кавалёў зь дзецьмі ў Варшаве
Арцём Кавалёў зь дзецьмі ў Варшаве

«„Добрыя людзі“ вывезьлі мяне ляснымі дарогамі ў Маскву, бо я ня меў візы, каб куды бегчы. З Масквы пры падтрымцы BySol трапіў у Польшчу. І вось я ў Варшаве, маючы 50 даляраў у кішэні», — кажа ўцякач.

З дахам над галавой на першы час яму дапамаглі іншыя беларусы. Зь цягам часу ў сталіцу Польшчы перабраліся маці, жонка і двое дзяцей Арцёма.

«Цяпер спрабуем тут наладзіць жыцьцё, ужо прынамсі знайшлі працу. Дома засталося ўсё. Але што рабіць? Пакуль там чакае турма, то наўрад ці вернемся», — кажа Арцём.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG