Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр дзеяч беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы Хведар Галёнка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Беларускі дзеяч у Польшчы пайшоў з жыцьця ва ўзросьце, большым за 100 гадоў. Ён заснаваў беларускі аддзел варшаўскага клюбу.

У Варшаве памёр Хведар Галёнка, шматгадовы дзеяч беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Прадстаўнік пакаленьня, якое было ля вытокаў беларускага руху ў пасьляваенны час, паведамляе «Радыё Рацыя».

Старшыня Беларускага саюзу ў Польшчы Яўген Вапа, які пазнаёміўся з Хведарам Галёнкам у 80-я, успомніў «вобразнасьць, характэрнасьць, гумар і іронію», якая была ўласьцівая нябожчыку.

«Ён быў знаёмы мне як асоба з Тыднёвіка беларусаў Польшчы „Ніва“. Ягоная актыўнасьць у Беларускім грамадзка-культурным таварыстве, менавіта варшаўскага аддзелу, гуртка БГКТ, была знаёмая. Ён быў адміністратарам варшаўскага клюбу па вуліцы Сэнатарскай. Тое, што ён кіруючы гэтым клюбам, дазволіў нам увайсьці ў яго, у тым ліку дазволіў доўгі час там начаваць шматлікім студэнтам у вакацыйны пэрыяд. Ягоныя шырокія кантакты ў сьвеце дазвалялі функцыянаваць беларускаму аддзелу ў зусім іншай прасторы. Верхам элегантнасьці і прэстыжнасьці варшаўскага гуртку БГКТ былі навагоднія балі паводле праваслаўнага стылю.

Увесь беластоцка-падляскі істэблішмэнт зьяжджаўся ў Варшаву, каб пабаляваць у Палацы культуры. Было відаць, што баль выклікае асаблівую цікавасьць. Сярод тых, хто прыходзіў, былі вайскоўцы, лекары, юрысты, працаўнікі высокіх ведамстваў», — успомніў Яўген Вапа.

Хведар Галёнка, жывучы ў Варшаве, адмыслова шукаў жонку менавіта на Падляшшы, беларуску, каб у сям'і гаварыць па-беларуску, у тым ліку зь дзецьмі.

Разьвітаньне зь дзеячам беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы адбудзецца 10 ліпеня, у царкве сьвятога Яна Клімака, па вуліцы Вольскай у Варшаве. Пахаваюць Хведара Галёнку на праваслаўных могілках побач.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG