Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя ў грамадзкім сэктары Беларусі ў 2023 годзе істотна пагоршылася, — даклад


Сілавікі выносяць кампутары з менскага офісу БАЖ, архіўнае фота
Сілавікі выносяць кампутары з менскага офісу БАЖ, архіўнае фота

Трэці сэктар Беларусі ў 2023 годзе заставаўся слабаўстойлівым, зафіксаваныя пагаршэньні, улады працягвалі ліквідацыю грамадзкіх аб'яднаньняў.

Як піша «Позірк», шэраг пагаршэньняў ва ўмовах дзейнасьці трэцяга сэктару Беларусі адлюстраваны ў «Індэксе ўстойлівасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці — 2023», вылічаным пад каардынацыяй CSO Fusion (зарэгістраваная ў Літве беларуская ўстанова) і амэрыканскай НКА FHI 360.

Індэкс разьлічваецца паводле мэтадалёгіі Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (USAID), у рамках якой экспэрты ацэньваюць сем парамэтраў па сямібальнай шкале, дзе найвышэйшы бал — 1,0. Да 2022 году індэкс вызначаўся больш чым у 70 краінах, за 2022-і — толькі ў дзевяці, за 2023-і — толькі ў Беларусі.

На прэзэнтацыі справаздачы 8 ліпеня ў Вільні кіраўніца CSO Fusion Марыя Ланда паведаміла, што агульная ацэнка ўстойлівасьці арганізацый грамадзянскай супольнасьці (АГС) Беларусі за 2023 год — 6,0 бала — такая ж, як і за 2022, 2007 і 2008 гады (найгоршы паказчык, найлепшы быў за 2002 год — 5,3 бала; індэкс для краіны вылічаецца з 2000-га). Паводле яе слоў, беларускі сэктар АГС увесь час знаходзіўся «на ўзроўні слабой устойлівасьці».

У прававым асяродзьдзі экспэрты канстатавалі пагаршэньне, але ацанілі на 7,0 бала, як і па выніках 2021 і 2022 гадоў, — толькі з той прычыны, што гэта самая ніжняя адзнака (за 2020-ы — 6,9 бала, 2019-ы — 6,6).

Па словах кіраўніцы CSO Fusion, у 2023 годзе «працягнуліся масавыя рэпрэсіі ў выглядзе ператрусаў, праверак, арыштаў, допытаў» прадстаўнікоў АГС, пры гэтым пачасьціліся выпадкі ціску на іх сваякоў.

У няволі было больш за 100 прадстаўнікоў трэцяга сэктару, многія «атрымалі вельмі вялікія тэрміны».

У Беларусі працягвалася «кампанія масавай ліквідацыі» АГС: за год зьліквідавалі 23, яшчэ 133 закрыліся самі. Узрасла колькасьць крымінальных спраў паводле «экстрэмісцкіх» і «тэрарыстычных» артыкулаў, пашырылася практыка прызнаньня АГС «экстрэмісцкімі».

Адначасова назіраўся працэс «аднаўленьня» грамадзянскай супольнасьці — «за кошт арганізацый, створаных дзяржавай», на заканадаўчым узроўні выбудавана герархія грамадзкіх арганізацый у пляне ўзаемадзеяньня зь дзяржавай. Прыняты закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасьці» стварыў асаблівыя ўмовы дзейнасьці для пяці зь іх — «Белай Русі», БРСМ, Беларускага саюзу жанчын, Фэдэрацыі прафсаюзаў і абʼяднаньня вэтэранаў.

У 2023 годзе, зазначыла яна, зьявіліся «новыя пляцоўкі для камунікацыі зь міжнароднымі органамі і структурамі», напрыклад кантактная група пры Радзе Эўропы, кансультацыйная група «Беларусь — ЭЗ», стратэгічны дыялёг з ЗША.

За год пагоршыўся паказчык грамадзкага іміджу — да 5,8 бала (2022-ы — 5,7, 2021-ы — 5,5; 2020-ы — 5,2, 2019-ы — 5,4). Па словах Ланда, дзейнасьць АГС фактычна стала безаблічнай:

«Многія арганізацыі працуюць ананімна, не апублічваюць сваіх супрацоўнікаў, валянтэраў або маюць адну-дзьве публічныя пэрсоны, але хаваюць астатнюю каманду».

На пагаршэньне гэтага парамэтру таксама паўплывала тое, што мэтавыя групы і аўдыторыі баяцца ўзаемадзейнічаць зь «любой АГС, якая ўспрымаецца як незалежная», паколькі ў нейкі момант яна сама, яе кантэнт можа атрымаць «экстрэмісцкі» статус.

Паводле справаздачы, шмат у каго з прадстаўнікоў АГС дрэнны псыхалягічны стан. Гэта адбіваецца на матывацыі, эфэктыўнасьці працы і сярод іншага прыводзіць да адтоку людзей. Сэктар сутыкаецца зь недахопам кваліфікаваных кадраў, у прыватнасьці вузкапрофільных прафэсіяналаў у мэнэджмэнце.

Паказчык фінансавай устойлівасьці за год не зьмяніўся — 6,7 бала (2021-ы — 6,6, 2020-ы — 6,4, 2019-ы — 6,3). Сытуацыя «па-ранейшаму характарызуецца абмежаваным доступам як да мясцовага, нацыянальнага фінансаваньня, так і да замежнага», адзначыла Ланда.

Беларускія арганізацыі, зарэгістраваныя за мяжой (у Польшчы, Літве, Чэхіі) могуць прэтэндаваць на частку падаходнага падатку мясцовых падаткаплатнікаў. «Пакуль гэта добрая спроба, але наўрад ці для кагосьці гэта асноўная крыніца фінансаваньня», — адзначыла Ланда.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2004 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG