Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка стаміўся. Што гэта азначае?


Аляксандар Лукашэнка ў Магілёўскай вобласьці. 6 ліпеня 2024
Аляксандар Лукашэнка ў Магілёўскай вобласьці. 6 ліпеня 2024

Здаецца, упершыню Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што ён стаміўся. Фізычна. Раней неаднойчы ён таксама казаў пра стому, але меў на ўвазе псыхалягічны стан.

Гэта была такая гульня. Маўляў, цяжкая праца прэзыдэнта, трэба ўвесь час быць на варце, у напрузе, заставацца мабілізаваным. Але ж людзі не адпускаюць, просяць, каб застаўся, таму чаго ня зробіш дзеля народу. А вось цяпер ён гаворыць пра свой нялепшы фізычны стан.

Сьцісла:

  • Лукашэнка пачаў апраўдвацца, неяк тлумачыць свой дрэнны фізычны стан. Калі нельга схаваць непрыемную рэальнасьць, то трэба даць ёй сваё тлумачэньне.
  • Вельмі магчыма, што Лукашэнка пачынае тонкую гульню. Ён хоча паглядзець на рэакцыю свайго атачэньня на інфармацыю пра дрэнны стан здароўя ўладара.
  • Лукашэнка імкнецца стварыць сытуацыю, каб яго моцна прасілі застацца на сваёй пасадзе.

7 ліпеня, выступаючы ў Александрыі на фэстывалі, прысьвечаным Купальлю, Лукашэнку раптам пацягнула на развагі, ня вельмі характэрныя для яго.

«Я хацеў бы з вамі падзяліцца сваімі думкамі. Яны для вас будуць, мусіць, вельмі важныя», — кажа ён. Лукашэнка не сумняваецца, што важнае для яго безумоўна зьяўляецца важным для ўсіх. Так ён разумее сваю ролю ў краіне.

Што ж за такія важныя думкі? Лукашэнка кажа:

«Ліпень месяц — заўсёды цяжкія часы для прэзыдэнта. Вельмі шмат масавых мерапрыемстваў. А самае цяжкае — гэта калі вялізная колькасьць людзей, і кожны, гледзячы на цябе, у табе нешта шукае: недзе праклінае, недзе дзякуе, недзе яшчэ нешта. І гэтая велізарная колькасьць людзей вельмі ўплывае на чалавека — асабліва такія, як парад і іншыя ўрачыстыя мерапрыемствы. І яшчэ дадаткова наклалася нагрузка, зьвязаная з Казахстанам, Астаной, за 4000 кілямэтраў адсюль. Я гэта кажу для таго, што цяжкія такія дні».

29 гадоў ён не заўважаў, што ліпень цяжкі, напружаны месяц. А на 30-м годзе кіраваньня заўважыў. І камунікацыя зь людзьмі цяпер стала напружваць. Тым больш што немалая іх частка яго праклінае. Гэтае прызнаньне, якое незнарок вырвалася, дарагога каштуе. Яно сьведчыць пра тое, што ўсе прапагандысцкія пастуляты пра «народнае адзінства» ў падтрымку рэжыму — штучная піяраўская канструкцыя. І ён гэта разумее.

І доўгія пералёты за 4000 кілямэтраў цяпер даюцца нялёгка. Таму «цяжкія такія дні».

Чым можна патлумачыць такія незвычайныя шчыраваньні? Мяркую, тут могуць быць дзьве прычыны. Адна зь іх больш відавочная.

Справа ў тым, што 5 ліпеня на тэлеканале «Дождь» зьявілася інфармацыя, што стан Лукашэнкі падчас візыту на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Астане стаў «рэзка пагаршацца на вачах ва ўдзельнікаў» форуму. І, каб неяк зьмікшаваць нэгатыўныя наступствы гэтай інфармацыі, беларускі ўладар пачаў апраўдвацца, неяк тлумачыцца. У выніку ж атрымалася, што Лукашэнка ўскосна пацьвердзіў тое, што казалі на канале «Дождь», прызнаўшы, што ў яго сапраўды «цяжкія дні». Калі нельга схаваць непрыемную рэальнасьць, то трэба даць ёй сваё тлумачэньне. Ход даволі рацыянальны.

Другая прычына больш прыхаваная. Вельмі магчыма, што Лукашэнка пачынае тонкую гульню. Ён хоча паглядзець на рэакцыю свайго атачэньня на інфармацыю пра дрэнны стан здароўя ўладара. І адначасова імкнецца справакаваць усенародны плач, заклікі застацца на сваёй пасадзе. Каб яго моцна прасілі балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін.

У гэтым пляне вельмі паказальнае нядаўняе тэлеінтэрвію прэс-сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант. Адказваючы на пытаньне, ці пойдзе яе шэф на наступныя выбары, яна заявіла:

«Мы вельмі гэтага жадаем. Больш за тое, скажу нават недзе рэзка, мы настойваем, каб было так». І яна растлумачыла, хто такія «мы»: гэта «ўсе нашыя людзі».

Такі прыём рэгулярна выкарыстоўваюць дыктатары. Ёсіф Сталін на першым пленуме ЦК пасьля ХІХ зьезду КПСС прасіўся ў адстаўку. Леанід Брэжнеў у кулюарах зьвяртаўся да сваіх паплечнікаў па Палітбюро з прапановай пайсьці на пэнсію. Але звычайна гэта гульня, разьлічаная на тое, што атачэньне пачне прасіць застацца.

Будзе вельмі сьмешна, калі цяпер чыноўнікі наперабой пачнуць сьлёзна прасіць: «Бацька, застанься з намі, як жа мы безь цябе». І працоўныя калектывы стануць аднагалосна прымаць рэзалюцыі з заклікам да Лукашэнкі балятавацца на новы прэзыдэнцкі тэрмін.

А сам Лукашэнка дае зразумець, што на роднай зямлі хутка ачуняе:

«Ты прыходзіш да сваіх вытокаў, тут табе лепш, прасьцей. І літаральна за дзень ты становісься здаровым, моцным, як і раней у тыя часы, калі ты хадзіў па гэтай зямлі. Ты вельмі хутка аднаўляесься... Ну і адсюль у найбліжэйшы час буду працаваць».

Маўляў, не сумнявайцеся, улада ў надзейных руках.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG