Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-дырэктара аднаго з прадпрыемстваў холдынгу «БЦК» будуць судзіць за крадзеж і карупцыю


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд Маскоўскага раёну Менску
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Суд Маскоўскага раёну Менску

Пракуратура Маскоўскага раёну Менску накіравала ў суд крымінальную справу супраць былога дырэктара аднаго з прадпрыемстваў холдынгу «Беларуская цэмэнтная кампанія», яго абвінавачваюць ва ўчыненьні шэрагу карупцыйных злачынстваў, паведамілі ў прэс-службе ведамства.

На яго завялі крымінальную справу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 3 арт. 430 (Хабар у асабліва буйным памеры) —- паводле гэтага артыкулу яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў са штрафам і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады,
  • ч. 2 арт. 424 (Злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) — ад 2 да 6 гадоў са штрафам ці без і з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады,
  • і ч. 4 арт. 210 Крымінальнага кодэксу (Крадзеж шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі) — ад 5 да 12 гадоў зьняволеньня са штрафам і пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады.

Згодна з матэрыяламі справы, былы дырэктар падчас працы на прадпрыемстве, у пэрыяд са жніўня 2021 па кастрычнік 2023 году, «прыняў матэрыяльныя каштоўнасьці і набыў выгады маёмаснага характару на агульную суму больш за 150 тысяч рублёў» — верагодна, гаворка, пра атрыманьне хабару. Дэталяў ведамства не прыводзіць.

Акрамя таго, дырэктар «у змове зь іншымі асобамі» завалодаў грашовымі сродкамі прадпрыемства ў суме больш за 56 тысяч рублёў, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы. Пры гэтым ён нанёс маёмасную шкоду прадпрыемству на 9 тысяч рублёў, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Цяпер мужчына знаходзіцца пад вартай — абраную раней меру стрыманьня пракурор пакінуў бязь зьмены.

Прозьвішча дырэктара і назву прадпрыемства ведамства не агучыла.

  • Холдынг «Беларуская цэмэнтная кампанія» — вядучы вытворца будаўнічых матэрыялаў у Рэспубліцы Беларусь, у яго склад уваходзяць 16 прадпрыемстваў і філіялаў, сярод іх — «Беларускі цэмэнтны завод», «Магілёўжалезабэтон», «Менскі камбінат сылікатных вырабаў», «Баранавіцкі камбінат жалезабэтонных канструкцый», «Гродзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў», «Завод зборнага жалезабэтону № 3 г. Віцебска», «Краснасельскбудматэрыялы» і інш.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG