Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 9 гадоў калёніі: экс-дырэктара Добрускага фарфоравага завода і ягонага брата асудзілі за хабар


Ілюстрацыйнае фота. Суд Цэнтральнага раёну ў Гомлі
Ілюстрацыйнае фота. Суд Цэнтральнага раёну ў Гомлі

Былога дырэктара ЗАТ «Добрускі фарфоравы завод» Аляксандра Вінакурава і ягонага брата Сяргея асудзілі за карупцыю. Прысуд вынес Цэнтральны раённы суд Гомля, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога суда.

Іх абвінавачвалі ў атрыманьні незаконнай узнагароды ад камэрцыйнай арганізацыі за выгадныя ўмовы аплаты і бесьперабойную пастаўку прадукцыі з «Добрускага фарфоравага заводу».

Паводле сьледзтва, калі Аляксандар Вінакураў працаваў на пасадзе гендырэктара завода, ягоны брат Сяргей дамовіўся з дырэктарам прыватнага прадпрыемства «СнабАўтаДэталь», якое хацела набываць прадукцыю завода для наступнага продажу іншым пакупнікам.

Сяргея Вінакурава аформлілі на пасаду намесьніка дырэктара фірмы, дзе, працуючы з кастрычніка 2022 па ліпень 2023 году, ён атрымаў заробак у суме больш за 17 тысяч беларускіх рублёў. Акрамя таго, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў па забесьпячэньні бесьперабойных паставак прадукцыі з завода яму плацілі грашовую ўзнагароду.

Згодна з матэрыяламі суда, зь верасьня 2022 да сьнежня 2023 году Аляксандар Вінакураў пры дапамозе брата атрымаў для сябе і блізкіх ад дырэктара фірмы ў якасьці хабару грошы і «атрымаў выгаду маёмаснага характару на 63 245,31 рубля».

Абвінавачаныя, хаця і не адмаўлялі ў судзе факты атрыманьня грошай ад прадстаўніка фірмы, сваю віну ў атрыманьні хабару не прызналі.

Цэнтральны раённы суд Гомля прысудзіў Аляксандру Вінакураву за атрыманьне хабару да 9 гадоў узмоцненага рэжыму, са штрафам у 700 базавых велічынь і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў.

Сяргей Вінакураў за дапамогу ў атрыманьні хабару атрымаў 7 гадоў узмоцненага рэжыму са штрафам у 500 базавых велічыняў.

Таксама братам неабходна будзе выплаціць дзяржаве «вартасны эквівалент неабгрунтавана атрыманай выгады» у памеры 29 317 рублёў.

Братоў Вінакуравых супрацоўнікі ГУБАЗіК затрымалі ў верасьні 2023 году. Тады праваахоўнікі паведамілі, што іх затрымалі непасрэдна пасьля перадачы грошай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG