Узровень абароны, паводле крыніц CNN, павысілі да другога (ён уводзіцца, калі выведка атрымлівае дадзеныя аб магчымай тэрарыстычнай атацы) праз асьцярогу, што тэракты могуць зьдзейсьніць супраць вайсковага пэрсаналу або абʼектаў на гэтых базах.
У прыватнасьці, такі ўзровень небясьпекі ўвялі ў нядзелю, 30 чэрвеня, на амэрыканскай вайсковай базе ў Штутгарце ў Нямеччыне, дзе знаходзіцца штаб-кватэра камандаваньня войскаў ЗША ў Эўропе.
Адзін з суразмоўцаў тэлеканалу, які знаходзіцца на вайсковай базе ЗША ў Эўропе, на ўмовах ананімнасьці расказаў CNN, што яны ня бачылі такога ўзроўню пагрозы «прынамсі 10 гадоў».
Пры гэтым, як зазначае выданьне, невядома, якія выведдадзеныя выклікалі ўзмацненьне мер бясьпекі на вайсковых базах ЗША ў Эўропе.
Журналісты CNN выказалі здагадку, што павышэньне мер бясьпекі на амэрыканскіх базах можа быць зьвязана са зробленымі раней эўрапейскімі ўладамі заявамі аб патэнцыйнай тэрарыстычнай пагрозе перад Алімпійскімі гульнямі ў Парыжы і падчас чэмпіянату Эўропы ў футболе, які зараз праходзіць у Нямеччыне.
У траўні гэтага года газэта The New York Times са спасылкай на крыніцы ў амэрыканскіх і эўрапейскіх службах бясьпекі пісала, што Галоўнае выведвальнае ўпраўленьне Мінабароны Расеі актывізавала дывэрсійныя апэрацыі ў Эўропе ў рамках кампаніі падрыву падтрымкі Ўкраіны.
Апэрацыі гэтыя — у асноўным падпалы або спробы падпалаў, накіраваныя на самыя розныя абʼекты, уключаючы склад у Вялікай Брытаніі, лякафарбавы завод у Польшчы, дамы ў Латвіі і краму IKEA ў Літве. Хаця такія дзеяньні могуць здацца выпадковымі, лічаць суразмоўцы выданьня, яны зьяўляюцца часткай кампаніі запаволеньня паставак зброі Кіеву і стварэньня бачнасьці незадаволенасьці падтрымкі Ўкраіны ў Эўропе.
Брытанская газэта Financial Times у пачатку траўня пісала, што спэцслужбы эўрапейскіх краін папярэдзілі свае ўрады аб пагрозе дывэрсій з боку Расеі. Па дадзеных суразмоўцаў выданьня, расейскія ўлады плянуюць выбухі, падпалы і іншыя атакі на эўрапейскую інфраструктуру. Масква, як сьцьвярджалася, гатовая дзейнічаць больш агрэсіўна і ўзгоднена як наўпрост, так і праз пасярэднікаў.
Форум