Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску за «арганізацыю нелегальнай міграцыі» асудзілі двух іншаземцаў


Курдзкія мігранты ў Менску, 2021 год
Курдзкія мігранты ў Менску, 2021 год

Асобы і нацыянальнасьць іншаземцаў не раскрываюцца.

Двое замежных грамадзян прыгавораныя судом у Менску за «арганізацыю незаконнай міграцыі» (ч. 2 арт. 371-1 Крымінальнага кодэксу), паведаміла дзяржаўнае агенцтва «Мінск-Навіны».

Адзін з абвінавачаных асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі са штрафам у памеры 500 базавых велічынь (20 000 руб.), другі — на 3,5 года са штрафам 300 б. в. (12 000 руб.).

Грамадзянства асуджаных не называецца.

Згодна з матэрыяламі справы, яны «ўваходзілі ў злачынную групу», «садзейнічаючы за ўзнагароджаньне незаконнаму знаходжаньню» ў Беларусі ня менш за 60 мігрантаў.

«У далейшым плянаваўся іх выезд у краіны Эўразьвязу ў парушэньне ўстаноўленага парадку і па-за пунктамі пропуску празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь», — адзначаецца ў публікацыі.

«Удзельнікі злачыннай групы распрацавалі мэханізм незаконнай міграцыі — падзялілі паміж сабой ролі, падбіралі і фармавалі групы зь нелегальных мігрантаў, арганізоўвалі іх незаконны ўезд на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь. Абвінавачаныя падшуквалі ім месца часовага жыхарства, зьбіралі зь іх грошы», — паведаміла памочніца пракурора Першамайскага раёну Менску Юлія Лугаўская.

У Беларусі замежнікі, як заяўлялася, сумесна зь мясцовым жыхаром шукалі месцы для часовага пражываньня мігрантаў і бралі зь іх грошы — «плату за пражываньне ў суме ня менш за 10 даляраў ЗША з чалавека за суткі». Таксама паведамлялася, што «замежныя грамадзяне разьмяшчаліся па 11 адрасах у Менску».

У Беларусі час ад часу затрымліваюць мігрантаў, але сілавыя органы не перашкаджаюць знаходжаньню нелегалаў у памежнай зоне і іх спробам перасячэньня мяжы з суседнімі краінамі ЭЗ.

З пачатку чэрвеня 2024 году Літва, Польшча і Латвія спынілі больш за 4 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.

Улады суседніх зь Беларусьсю дзяржаў Эўразьвязу неаднаразова заяўлялі, што беларускія сілавікі нават дапамагаюць мігрантам незаконна прарывацца празь дзяржаўную мяжу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG