Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўразьвязе ўзгаднілі новыя санкцыі супраць Беларусі, каб абмежаваць перадачу тавараў і тэхналёгій у Расею

абноўлена

Мапа Эўразьвязу і Беларусі. Ілюстрацыйны каляж
Мапа Эўразьвязу і Беларусі. Ілюстрацыйны каляж

Выключэньні пры пэўнай працэдуры могуць прымяняцца пры экспарце-імпарце тавараў і тэхналёгій, неабходных для мэдыцыны ці фармацэўтыкі, для гуманітарнай сфэры, для сфэры надзвычайных сытуацый або для дзейнасьці дыпляматычных устаноў.

У Эўразьвязе падрыхтавалі праект рашэньня, якім плянуецца дапоўніць раней ухваленыя санкцыі супраць Беларусі за падтрымку ёю расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Старшынёўства Бэльгіі ў Эўразьвязе на сваёй старонцы на плятформе X паведаміла, што «амбасадары ў прынцыпе дамовіліся аб новым пакеце санкцый супраць Беларусі».

«Гэты пакет узмацніць нашы меры ў адказ на ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, у тым ліку і супрацьдзеяньне абыходу санкцый», — адзначаецца ў паведамленьні.

Санкцыі супраць Беларусі могуць зацьвердзіць 27-28 чэрвеня на саміце ЭЗ у Брусэлі.

Як вынікае з праектаў дакумэнтаў, якія ў сваім распараджэньні мае Свабода, у Эўразьвязе прапануюць абмежаваць пастаўкі шэрагу відаў прадукцыі і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, якія маглі або могуць перадавацца ў Расею празь Беларусь у абыход абмежаваньняў, уведзеных супраць расейскіх уладаў і эканомікі.

У прыватнасьці, прапануюць забараніць транзыт праз тэрыторыю Беларусі тавараў і тэхналёгій, якія могуць спрыяць нарошчваньню прамысловых магутнасьцей Беларусі, зьвязаных са сфэрай абароны і бясьпекі, а таксама агнястрэльнай зброі і яе кампанэнтаў, тэхнічную дапамогу або іншыя паслугі па абслугоўваньні такой прадукцыі. Прапануюць таксама забараніць продаж, ліцэнзаваньне і перадачу правоў інтэлектуальнай уласнасьці на тэхналёгіі.


Выключэньні пры пэўнай працэдуры могуць прымяняцца пры экспарце тавараў і тэхналёгій, неабходных для мэдыцыны ці фармацэўтыкі, для гуманітарнай сфэры, для сфэры надзвычайных сытуацый або для дзейнасьці дыпляматычных устаноў.

Забароны хочуць распаўсюдзіць на некаторыя віды прадукцыі з мэталаў, марскія навігацыйныя тавары, абсталяваньне для нафтаперапрацоўкі і вырабу звадкаванага прыроднага газу, на сырую нафту, на праграмнае забесьпячэньне для кіраваньня прадпрыемствамі і прамысловасьцю, а таксама на тэхналёгіі для гэтых галін эканомікі.

Апроч таго, прадугледжваецца ўвесьці забарону на прадметы раскошы (золата, дыямэнты) коштам ад 300 эўра (выключэньне будзе дзейнічаць для фізычных асобаў), але ў той жа час захоўваецца магчымасьць перадачы або вывазу ў Беларусь культурных каштоўнасьцяў, якія былі вывезеныя ў межах культурнай супрацы зь Беларусьсю.

У Эўразьвязе прапануюць забараніць удзел у статутных капіталах прадпрыемстваў, якія зарэгістраваныя паводле беларускага заканадаўства і працуюць у энэргетычным сэктары, а таксама інвэставаньне ў такія прадпрыемствы.

Апроч таго, ранейшае рашэньне хочуць дапоўніць забаронай на набыцьцё або імпарт тавараў, якія дазваляюць Беларусі дывэрсыфікаваць крыніцы сваіх даходаў і такім чынам працягваць далейшы ўдзел у расейскай агрэсіі супраць Украіны. Эўразьвяз плянуе больш пільна вывучыць структуру такіх паставак.

У асобным дакумэнце пералічваюцца шматлікія віды тэхнічных вырабаў зь іх характарыстыкамі:

  • Гэта транзыстары, дыёды, фотаэлемэнты, хімічныя элемэнты для выкарыстаньня ў электроніцы, хімічныя злучэньні, сыгнальныя генэратары.
  • Шэраг відаў тэхнікі для запісу аўдыё і відэа, аптычныя сыстэмы, тэрмастаты.
  • Станкі, дадатковае абсталяваньне для вытворчасьці і спадарожныя тавары. Энэргетычныя матэрыялы і прэкурсоры.

Таксама ў пераліку ўтрымліваецца шмат матэрыялаў па навігацыі, хімікаты, мэталы, палімэры.

Забараняецца транзыт празь Беларусь:

  • поршневых рухавікоў унутранага згараньня зь іскравым запальваньнем для самалётаў;
  • дызэльных і паўдызэльных матораў;
  • аліўных або бэнзінавых фільтраў для рухавікоў унутранага згараньня;
  • шэрагу іншых тавараў.
  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Санкцыі Эўразьвязу адносна Беларусі ў 2022-2023 гадах

На працягу 2022 году Эўразьвяз 6 разоў пашыраў санкцыі адносна Беларусі. Зь іх 5 раўндаў былі зьвязаныя з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну і ўдзелам Беларусі ў гэтай агрэсіі.

  • 18 лютага 2022 году пашыраныя фінансавыя санкцыі ў дачыненьні да «Банку разьвіцьця» і «Банку Дабрабыт».
  • 27 лютага 2022 году ў сувязі з вайной Расеі з Украінай адноўлены санкцыйны сьпіс, у які ўключаныя фізычныя і юрыдычныя асобы з Расеі і Беларусі (670 пазыцый).
  • 2 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў адрасныя абмежавальныя меры ў дачыненьні да 22 высокапастаўленых беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, уведзеныя абмежаваньні на гандаль беларускімі таварамі, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасьці тытунёвых вырабаў, мінэральнага паліва, бітумных рэчываў і газападобных вуглевадародных прадуктаў, калійных прадуктаў, вырабаў з драўніны, цэмэнту, жалеза і сталі, гумовых вырабаў.
  • 9 сакавіка 2022 году Эўразьвяз увёў новыя санкцыі адносна фінансавага сэктару Беларусі, у прыватнасьці, адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
  • 8 красавіка 2022 году для беларускіх аўтаперавозчыкаў была ўведзеная забарона на перавозку грузаў аўтамабільным транспартам па тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам.
  • 2 чэрвеня 2022 году быў зацьверджаны пакет санкцый, які прадугледжваў адключэньне беларускага банку «Белінвэстбанк» ад міжнароднай плацёжнай сыстэмы SWIFT. Таксама ў пакет санкцый ЭЗ увайшлі абмежаваньні супраць 12 грамадзян Беларусі і 8 прадпрыемстваў, сярод якіх «Беларуськалій» і яго трэйдэр Беларуская калійная кампанія, НПЗ «Нафтан», Горадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», «Інтэр Табака», вытворца камунальнай аўтатэхнікі «Белкамунмаш», лягістычны апэратар «Белмытсэрвіс» і Белтэлерадыёкампанія.

На працягу 2023 году Эўразьвяз 2 разы пашыраў санкцыі адносна Беларусі.

  • 3 жніўня 2023 году Эўразьвяз увёў новы пакет санкцыяў адносна Беларусі, у якія 38 фізычных асобаў і 3 прадпрыемствы: ААТ «Менскі электратэхнічны завод», ААТ «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» і Белнафтахім.
  • 18 сьнежня 2023 году Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 12 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.
  • Шэраг краін ЭЗ на працягу 2022-2023 гадоў прымалі свае сувэрэнныя санкцыі адносна Беларусі — больш жорсткія, чым агульныя санкцыі Зьвязу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG