Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Радзе Эўропы заявілі, што трыбунал за агрэсію супраць Украіны павінен улічваць ролю кіраўніцтва Беларусі


Заля сэсій Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, архіўнае фота
Заля сэсій Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, архіўнае фота

З такой рэзалюцыяй выступіла Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ).

Спэцыяльны трыбунал за агрэсію Расеі супраць Украіны павінен улічваць «ролю і саўдзел кіраўніцтва Беларусі». Пра гэта гаворыцца ў прынятай 26 чэрвеня ў Страсбуры рэзалюцыі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ), прысьвечанай прававым і праваабарончым аспэктам, зьвязаным з дзеяньнямі Расеі супраць украінскага народа, паведамляе «Позірк».

ПАРЭ вітала рашэньне Камітэта міністраў Рады Эўропы ад 30 красавіка 2024 года, якое надзяляе генэральнага сакратара РЭ паўнамоцтвамі падрыхтаваць дакумэнты «па магчымым праекце пагадненьня паміж Радай Эўропы і ўкраінскім урадам аб заснаваньні спэцыяльнага трыбунала за злачынстве агрэсіі Расеі супраць Украіны».

  • Асамблея заклікала асноўную групу па заснаваньні трыбунала як мага хутчэй узгадніць яго «мадэль і прававую форму» з улікам «магчымых палітычных падзей».
  • З заклікам падтрымаць заснаваньне трыбунала ПАРЭ зьвярнулася да трэціх краін і рэгіянальных абʼяднаньняў, у тым ліку Эўразьвязу, Арганізацыі амэрыканскіх дзяржаў, Афрыканскага саюза.
  • ПАРЭ папрасіла Генасамблею ААН прыняць рэзалюцыю, якая ўхваляе стварэньне трыбунала, а таксама падзякавала Нідэрляндам за гатоўнасьць заснаваць яго на сваёй тэрыторыі.
  • На думку Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, юрысдыкцыя трыбунала павінна распаўсюджвацца на агрэсіўныя дзеяньні Расеі, учыненыя зь лютага 2014 года.

Намесьнік кіраўніка Абʼяднанага пераходнага кабінэта Павал Латушка, камэнтуючы рэзалюцыю, адзначыў, што поўнамаштабнае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну ў лютым 2022 года зьяўляецца «грубым парушэньнем Статута ААН і ўяўляе сабой акт агрэсіі, які стаў абʼектам крытыкі ў розных міжнародных дакумэнтах».

«Рэзалюцыя ПАРЭ — яшчэ адзін сыгнал сусьветнай супольнасьці аб тым, што адказнасьць Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму за ўчыненьне злачынства непазьбежна наступіць», — перакананы ён.

У сваю чаргу выконваючы абавязкі прадстаўніка АПК па замежных справах Уладзімер Астапенка назваў рэзалюцыю ПАРЭ пацьвярджэньнем таго, што арганізацыя бачыць «аптымальны юрыдычны шлях» у заснаваньні трыбунала за агрэсію супраць Украіны.

«Згадка рэжыму Лукашэнкі мае на ўвазе, што падчас працы трыбунала будзе разглядацца і ягоная роля ў ажыцьцяўленьні агрэсіі. Прадугледжваецца, што такі трыбунал можа быць створаны на аснове пагадненьня паміж Радай Эўропы і Ўкраінай, якое будзе адкрыта для далучэньня ўсіх зацікаўленых дзяржаў», — зазначыў Астапенка.

Афіцыйны Менск падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне, якая зьяўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Эўропе з часоў Другой сусьветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі Расеі тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну зімой і вясной 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў зь Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расейскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэньня дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасьць рэабілітацыі ў Беларусі пацярпелых на ўкраінскай тэрыторыі расейцаў.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG